У Беларусі будуць сачыць за выдаткамі замежнікаў


Каля дзесяці кампаніяў зацікавіліся ўмовамі тэндэру на вывучэнне структуры выдаткаў замежных турыстаў у Беларусі.

Пра гэта інфармацыйнаму агенцтву БелТА 27 жніўня паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Вячаслаў Чарноў, які прымае ўдзел у першым турыстычным злёце прафесіяналаў турбізнесу.

Паводле яго, гэтыя арганізацыі запыталі ў Нацагентства інфармацыю пра дадатковыя ўмовы тэндэру.

Як распавёў Вячаслаў Чарноў, даследаванне будзе заснавана на дадзеных 700 рэспандэнтаў, якія прадстаўляюць розныя краіны. Аналіз правядуць па відах турызму (санаторна-курортны, транзітны, экскурсійны, настальгічны і інш.) і асноўных артыкулах выдаткаў.

Даследаванне мае вызначыць асацыяцыі, якія выклікае Беларусь ў замежных турыстаў і ключавыя фактары, якія выклікаюць іх незадаволенасць. Яно таксама мусіць паказаць, якія сумы замежныя турысты гатовыя і здольныя выдаткаваць падчас адпачынку ў Беларусі. “Тым самым мы зможам ацаніць патэнцыял развіцця беларускай туріндустрыі і выявіць напрамкі, найбольш запатрабаваныя сярод замежнікаў”, – адзначыў дырэктар Нацагентства.

Пераможца тэндэру стане выканаўцам па адным з пунктаў Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму на 2011-2015 гг. – правядзенні маркетынгавага даследавання “Аналіз структуры выдаткаў і пераваг замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь”.

Гэта першы падобны праект, які рэалізуецца ў Беларусі. Некалькі гадоў таму праводзілася даследаванне адносна замежных турыстаў, якія перасоўваюцца транспартам (па чыгунцы, на аўтамабілі і самалёце), аднак яно мела агульны характар.

У верасні Савет Міністраў Беларусі разгледзіць прапанову спрасціць візавы рэжым для замежных падарожнікаў. Паводле дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турзыму Вадзіма Кармазіна, Беларусь гатова разглядаць магчымасць увядзення саюзнай візы, а таксама агульнай візы СНД.

belsat.eu

Стужка навінаў