Міжнародныя эксперты прадказваюць дэфолт у Беларусі


Улады Беларусі могуць пайсці на замарожванне валютных дэпазітаў або іх прымусовую канверсію ў беларускія рублі.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Moody’s» не выключае далейшага зніжэння суверэннага рэйтынгу Беларусі, дэфолту і замарожвання валютных дэпазітаў.

Паводле ацэнак экспертаў міжнароднага рэйтынгавага агенцтва «Moody’s», у другім паўгоддзі 2011 г. Беларусі спатрэбіцца 3–6 млрд долараў ЗША на падтрыманне ўстойлівасці банкаўскай сістэмы і развязанне іншых надзённых праблемаў.

Такая ж сума спатрэбіцца краіне ў 2012 г. для падтрымання ўстойлівасці банкаўскай сістэмы і пакрыццё дэфіцыту плацежнага балансу, гаворыцца ў каментары агенцтва наконт перспектываў устойлівасці банкаўскай сістэмы.

Паводле разлікаў «Moody’s», гэтыя сродкі Беларусь можа атрымаць за кошт вонкавых пазыкаў (крэдыты Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і МВФ), прыватызацыі ды свабоднага ўтварэння курсу. Пры такім развіцці падзеяў рэйтынгі беларускіх банкаў захаваюцца на ўзроўні «В3», а іх праблемныя актывы вырастуць да 15 % да канца 2012 г. Дастатковасць уласнага капіталу банкаў знізіцца да 4 %, а ў 2012 г. спатрэбіцца іх рэкапіталізацыя з уліваннямі ў эквіваленце 1 млрд долараў, што, як мяркуюць эксперты «Moody’s», будзе зроблена, хутчэй за ўсё, за кошт сродкаў дзяржбюджэту.

На думку экспертаў, захаванне цяперашняй сітуацыі прывядзе да негатыўных наступстваў і паніжэння краінавага рэйтынгу Беларусі з «B3» да «Саа», а таксама да пагрозы дэфолту. Цяперашняя сітуацыя характарызуецца адміністрацыйным стрымліваннем свабоднага ўтварэння курсу, дэфіцытам замежнай валюты, недастаткова цвёрдаю манетарнаю палітыкаю, адсутнасцю вынікаў ад прыватызацыі і дамоўленасцяў з МВФ аб прыцягненні вонкавых пазыкаў. Найбольшую занепакоенасць «Moody’s» у апошні час выклікае тэндэнцыя адтоку дэпазітаў у замежнай валюце з беларускіх банкаў.

Пры такім песімістычным развіцці падзеяў, як мяркуюць эксперты «Moody’s», доля праблемных актываў у беларускіх банках вырасце да 20 % у 2012 г., а ўлады Беларусі могуць пайсці на замарожванне валютных дэпазітаў або іх прымусовую канверсію ў беларускія рублі.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, прагноз агенства «Moody’s» збольшага рэалістычны. Аднак можа быць яшчэ горай: “Можна толькі не згадзіцца з ацэнкаю пра тое, колькі нам трэба валюты да канца года. Бо толькі карпаратыўныя пазыкі, не ўлічваючы запазычанасці Нацбанку, складалі 14 млрд долараў, гэта значыць, што іх трэба аддаваць цягам гэтага года, як мінімум. Акрамя гэта, «Moody’s» не ўлічыла таго, што інвестыцыйныя прыбыткі, што вывезуць уладальнікі капіталаў, складуць каля мільярда долараў. А сёлета ў дадатак на адзін мільярд памяншаецца датацыйнае падтрыманне Расеі. Таму калі гэта ўсё ўлічыць, складаецца яшчэ больш вострая сітуацыя”, – кажа эксперт.

Выхад з гэтага становішча ёсць. Паводле эканаміста, правядзенне маштабных рыначных рэформаў, якіх патрабуе і Усход, і Захад, дазволяць атрымаць неабходныя крэдыты, што разам з пісьменна праведзенаю прыватызацыяй дасць магчымасць выйсці Беларусі з сённяшняй сітуацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў