Паганяйла: Заключэнне Бяляцкага пад варту – крайняя мера стрымання


«Такое незаконнае рашэнне мы маем намер абскардзіць наглядальнаму пракурору, а затым даслаць у суд. Спадзяемся, што ўсё ж такі нейкія інстанцыі рэальна ацэняць сітуацыю, і гэта будзе спрыяць выбару другой меры стрымання ў дачыненні Алеся Бяляцкага», – заявіў кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

«Наш Крымінальна-працэсуальны кодэкс характэрны тым, што меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту следчы можа абраць толькі таму, што злачынства адносіцца да катэгорыі, напрыклад, цяжкіх, і санкцыя артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі. Тым не менш, у кожным канкрэтным выпадку неабходна ўлічваць канкрэтныя абставіны ў адносінах як да самога злачынства, так і асобы падазраванага, таму ў следства былі падставы змяніць меры стрымання Алесю Бяляцкаму на іншую, у тым ліку аддаць яго пад паручніцтва вядомых у Беларусі людзей», – каментуе Гары Паганяйла.

Паводле праваабаронцы, ёсць прыклад, калі па справе аб наўмысным забойстве абвінавачаныя былі вызваленыя з-пад варты на ўказанне прэзідэнта. Пры такім злачынстве мера пакарання даходзіць нават да расстрэлу. «Таму пры любым – і выключным – абвінавачванні ў следчага ёсць магчымасць вырашаць праблему меры стрымання ў залежнасці ад тых акалічнасцяў, якія пазначаныя ў законе», – кажа прадстаўнік БХК.

«Заключэнне пад варту – крайняя мера, хоць існуе мноства іншых мераў стрымання, якія можна было выкарыстоўваць. Напрыклад, падпіска аб нявыездзе і яўцы, аб асабістай паруцы, вызваленне пад грашовы заклад і г.д. Усе гэтыя меры стрымання агавораныя, яны могуць прымацца па рашэнні следчага, пракурора, суда», – дадае кіраўнік камісіі.

«Пасля падзеяў 19 снежня 2010 года ўлады гатовыя паралізаваць любую актыўнасць грамадзянаў, якія б хацелі праявіць сваю незадаволенасць, праявіць салідарнасць з тымі, каго гэтая ўлада пераследуе. Такая практыка, мабыць, будзе захаваная ў адносінах да іншых формаў масавай салідарнасці са справаю Бяляцкага. Наколькі мне вядома, і актывісты грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь, і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, урады патрабуюць вызвалення Бяляцкага з-пад варты. Я думаю, што вось гэты ціск грамадскасці, як унутры краіны, так і з-за мяжы, прывядзе да таго, што рана ці позна Бяляцкі будзе на свабодзе», – кажа Гары Паганяйла.

belsat.eu

Стужка навінаў