Працоўных імігрантаў чакаюць у забруджаных рэгіёнах


Новая канцэпцыя нацыянальнага дэмаграфічнага развіцця прадугледжвае выплаты імігрантам, якія прыедуць працаваць у найслабейшыя рэгіёны Беларусі.

Штогод на гэтыя мэты будзе выдаткоўвацца 2,8 млрд руб. Улады адразу заявілі, што чакаюць высокакваліфікаваных працоўных імігрантаў. “Мы зацікаўленыя ў якаснай міграцыі, – кажа інспектар Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Таццяна Мялешка. – Дзяржава таксама гатовая падтрымаць суайчыннікаў, якія вернуцца ў Беларусь з замежжа. Разам з выплатамі гарантуецца сацыяльнае забеспячэнне”.

Тым часам беларусы актыўна разглядаюць варыянты выезду з краіны. У найбліжэйшым замежжы – Маскве і Кіеве – чакаюць беларускіх працаўнікоў. У Польшчы для будаўнікоў з Беларусі – спрошчаны рэжым афармлення візы і перабывання ў краіне.

Да таго ж улады Беларусі імкнуцца зацікавіць імігрантаў пераездам у рэгіёны з найгоршаю дэмаграфічнаю сітуацыяй. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, да гэтых рэгіёнаў належаць мясціны з павышаным радыеактыўным фонам: Хойнікі, Лоеў, Краснаполле. Найгоршая дэмаграфічная сітуацыя ў Магілёўскай вобласці.

Адным з кірункаў прынятай урадам Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Беларусі на 2011—2015 гады прадугледжваецца прыцягненне ў краіну мігрантаў.

“Прадугледжваецца шэраг мер, — паведаміла старшы інспектар дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Таццяна Мялешка, — каб прыцягнуць у краіну больш якасных мігрантаў. Мы будзем ставіць перад імі пэўныя ўмовы — патрабаванні да адукацыі, узросту, яго жадання пражываць у нейкім дэмаграфічна непаспяховым рэгіёне і працаваць там на карысць нашай краіны. У выпадку, калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, такому мігранту будзе аказана фінансавая дапамога — яму будуць аплачвацца расходы па пераездзе, пад’ёмныя на ўладкаванне ў нашай краіне”.

Кансультант у кадравых пытаннях Анастасія Паўлоўская лічыць, што эканамічная сітуацыя Беларусі негатыўна ўплывае на прыцягненне замежнікаў у краіну. “Павышэнне коштаў, немагчымасць канверсаваць заробак у валюту – для любога замежніка гэта вялікая праблема. Можа быць, прапановаю зацікавяцца працаўнікі з расейскай глыбінкі, але толькі калі яны апроч заробку будуць мець сацыяльныя гарантыі на жытло і медычнае абслугоўванне. Звычайна жыхары азіяцкіх рэгіёнаў, дзе вельмі сур’ёзнае беспрацоўе, досыць мабільныя людзі, але найчасцей яны працуюць у сферы будаўніцтва, а рынак Беларусі не перакрые прапановаў Масквы. У сваю чаргу прафесіяналы, людзі з адукацыяй імкнуцца з’ехаць у Еўрапейскі Звяз – гэта відаць і ў Беларусі”, – кажа эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў