Карбалевіч: Лукашэнка сябруе з краінамі, што маюць грошы


“Аляксандру Лукашэнку застаецца ездзіць туды, дзе яго прымаюць. Таму спробы знайсці нейкія дывідэнды ў краінах трэцяга свету, у некаторых краінах СНД і гэтыя надзеі – не зусім беспадстаўныя. Азербайджан выдаў $ 300 млн – нібыта “Беларуськалію”, хоць насамрэч фактычна ўраду. Невялікія грошы, але хоць нешта ў цяжкай фінансавай сітуацыі”, – заявіў палітолаг у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”, каментуючы візіт Аляксандра Лукашэнкі на нефармальны саміт АДКБ у Астане.

Палітолаг таксама адзначае імкненні афіцыйнага Менску наладзіць палітычныя і эканамічныя кантакты з арабскімі дзяржавамі. “Лукашэнка імкнецца сябраваць з тымі краінамі, што маюць грошы, а таксама куды можна пастаўляць беларускую прадукцыю. Гэтак, у Лівію ды Сірыю можна было пастаўляць прадукцыю вайсковага прызначэння, – гаворыць Валер Карбалевіч. – Тактыка зразумелая, але вырашэнне беларускіх праблемаў у самой Беларусі – у беларускай эканоміцы, яе фінансаванні, а не ў іншаземнай дапамозе”.

Валер Карбалевіч падкрэслівае, што Беларусь трапіла ў міжнародную ізаляцыю. Асабліва сітуацыя ўскладнілася пасля разгону Плошчы 19 снежня і палітычна матываваных выракаў у справах аб масавых беспарадках. “Краіна аказалася ў статусе ізгоя яшчэ ў большай ступені, чым гэта было раней. Кантакты з заходнімі палітыкамі, заходнімі сталіцамі перапыненыя, з Расеяй даволі напружаныя дачыненні”, – дадаў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў