«Белнафтахім»: Санкцыі – праява нядобрасумленнай канкурэнцыі


«Канцэрн «Белнафтахім» расцэньвае дзеянні Міністэрства фінансаў ЗША як праяўленне нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку амерыканскіх вытворцаў у дачыненні шырокавядомых у свеце прадпрыемстваў канцэрну, якія маюць заслужаны аўтарытэт», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы «Белнафтахіму».

Таксама вядомая рэакцыя беларускага МЗС, дзе расцанілі санкцыі як «яшчэ адну прапушчаную амерыканскім бокам магчымасць праявіць здаровы сэнс і сысці з канфрантацыйнага трэку» ў беларуска-амерыканскіх адносінах. Гэтак начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных пракаментаваў увядзенне Злучанымі Штатамі новых санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў.

«На жаль, дзеянні адміністрацыі ЗША абмежаваныя састарэлымі санкцыйнымі клішэ, якія заводзяць у тупік», – заявіў Савіных. На думку прэс-сакратара, «ва ўмовах росту фінансавага і бюджэтнага крызісу, які ўзмацняецца крызісам даверу амерыканскага грамадства да ўлады, Вашынгтон працягвае прыняцце захадаў, якія наносяць найперш шкоду інтарэсам амерыканскіх бізнесоўцаў, якія выгадна супрацоўнічаюць з беларускімі вытворцамі».

Беларускі бок пакідае за сабою права на прыняцце адэкватных крокаў у адказ, падкрэсліваецца ў каментарыі.

11 жніўня ЗША ўвялі дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць чатырох буйных беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў: вытворцы аўтамабільных шынаў ААТ «Белшына», вытворцы ўгнаенняў ААТ «Горадня Азот», вытворцы валокнаў ААТ «Горадня Хімвалакно», а таксама буйнога нафтаперапрацоўчага прадпрыемства ААТ «Нафтан».

belsat.eu

Стужка навінаў