Анушаўскас: Нельга абмежавацца пошукам вінаватых


«Калі мы абмяжуемся толькі прыняццем рашэнняў аб прыцягненні да адказнасці, аб пошуку вінаватых, то гэта будзе толькі частковае развязанне, якое можа стварыць такую сітуацыю, што ў будучыні падобнае можа паўтарыцца», – заявіў Арвідас Анушаўскас, прадстаўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы.

Паводле Арвідаса Анушаўскаса, перадача звестак пра банкаўскія рахункі беларускіх апазіцыянераў і праваабаронцаў можа нанесці вялікую шкоду іміджу краіны, і Літва мусіць засцерагчыся ад паўтарэння такой сітуацыі. «Я думаю, што парламенцкае расследаванне будзе больш эфектыўнае – мы тады і ўраду, і міністэрствам, і іншым структурам зможам прэзентаваць свой праект неабходных крокаў, што дапамогуць выправіць гэтую сітуацыю», – падкрэсліў Арвідас Анушаўскас у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Дэпутат лічыць мэтазгодным, каб парламенцкі Камітэт нацыянальнай бяспекі ды абароны правёў сваё расследаванне – ці ўсе пункты міждзяржаўных дамоваў аб прававой дапамозе і абмене інфармацыі з дзяржавамі, дзе не захоўваюцца правы чалавека, адпавядаюць інтарэсам Літвы. «Я думаю, што калі мы растлумачым для сябе ўсе гэтыя пытанні, то зможам вырашыць, якія абмежаванні мусяць быць у такой супрацы. У міждзяржаўных дамовах ёсць артыкулы, якія дазваляюць абмежаваць супрацу, калі гэта выкліканае нацыянальнымі інтарэсамі», – дадаў Арвідас Анушаўскас.

belsat.eu

Стужка навінаў