Музей валуноў занядбаны


Улады Менску не збіраюцца добраўпарадкаваць гэты турыстычны аб’ект.

Музей валуноў з’явіўся ў Менску з ідэі тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча. З усёй краіны звезлі магутныя камяні ды размясцілі пад адкрытым небам у парку ў раёне Уручча. Планавалася, што аб’ект стане цікавым для турыстаў. Але цяпер туды прыходзяць толькі мамы з вазочкамі ды кампаніі на пікнік.

Старшыня Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалай Чырскі ўвесь час прапаноўвае экскурсіі ў музей валуноў. “Я таксама часта прашу нашых экскурсаводаў, каб экскурсія сканчалася не каля Нацыянальнай бібліятэкі, а ва Уруччы, у парку камянёў. Там шмат праблемаў: адсутнічаюць прыбіральні, пляцоўкі, няма дзе пакінуць аўтобус. Але месца вартае таго, каб звярнуць на яго ўвагу. Разам з Тамараю Федарцовай мы стварылі экскурсію па музеі валуноў на цэлую гадзіну. У мяне ёсць папка з ліставаннем з органамі дзяржаўнай улады, пачынаючы з Адміністрацыі прэзідэнта і сканчаючы адміністрацыяй Першамайскага раёну, пра добраўпарадкаванне парку, пра тое, каб тэрыторыі афіцыйна надалі статус музею. Але, на жаль, да сёння гэта праблема не развязваецца”.

У свой час добраўпарадкавалі парк валанцёры. Грамадскае аб’яднанне “Новыя твары” рэалізоўвала праект “НАследиМ”, мэтай якога было – захаванне музея валуноў у Менску і паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў раёне. “Мы праводзілі сацыялагічнае апытанне – ці трэба захаваць у парку музей. Абсалютная большасць менчукоў выказалася станоўча за гэтую ідэю. Пасля па выніках працы мы выдавалі календары і буклеты, прысвечаныя гісторыі беларускіх камянёў, каб прыцягнуць увагу грамадства да праблемаў у гэтым парку”, – распавёў актывіст Віталь Сюдукоў.

Планавалася, што на гэтую тэрыторыю можа пераехаць Музей аховы прыроды, аднак яго перасялілі ў рабочы раён на вул. Казінца – у былы кінатэатр “Электронік”. Улады ж зацікаўленыя ў рэалізацыі іншага праекту – парку “Беларусь”. Ідэя належыць Аляксандру Лукашэнку – сабраць зямлю з усіх куткоў краіны ды прывезці ў Менск да Камсамольскага возера.

belsat.eu

Стужка навінаў