Гары Паганяйла: Магчыма, гэта была акцыя запужвання


Адвакаткі Дар’я Ліпкіна і Ганна Бахціна захавалі адвакацкія ліцэнзіі.

Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі вырашыла, што Дар’я Ліпкіна і Ганна Бахціна адпавядаюць прафесійным патрабаванням. Пры гэтым меркаванне тэрытарыяльнай кваліфікацыйнай камісіі, якая палічыла, што абаронцаў належыць пазбавіць ліцэнзіяў, не ўлічвалася.

«Рашэнне тэрытарыяльнай камісіі было неабгрунтаванае. На якой падставе яно прымалася, меркаваць цяжка, бо ўсё праходзіла за закрытымі дзвярыма. Дый чаму вырашылі правесці пазачарговую атэстацыю, таксама не зразумела, бо ніякіх новых законаў аб адвакатуры ў гэты тэрмін не прымалася. Дзякуй Богу, камісія Міністэрства юстыцыі «памылку» выправіла, – гаворыць кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла.

Разам з тым праваабаронца мяркуе, што рашэнне пазбавіць Ганну Бахціну і Дар’ю Ліпкіну ліцэнзіяў было прынятае не проста так: «Магчыма, гэта была акцыя запужвання. Рашэнне падвергнуць адвакатаў пазачарговай атэстацыі было прынятае пасля гучных палітычных працэсаў, і яго ахвярамі сталі абаронцы менавіта палітзняволеных». Гары Паганяйла мяркуе, што «акцыя запужвання» мела плён – знайсці сёння адвакатаў, гатовых абараняць «палітычных», стала досыць складана.

Ганна Бахціна і Дар’я Ліпкіна абаранялі фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня Ірыну Халіп і Мікіту Ліхавіда адпаведна. 26 ліпеня яны не прайшлі пазачарговай атэстацыі, якую праводзіла тэрытарыяльная атэстацыйная камісія. Праваабаронцы выказвалі меркаванне, што прычынаю стала бліскучая праца адвакатак на палітычных працэсах.

belsat.eu

Стужка навінаў