Прычына катастрофы беларускага знішчальніка застанецца таямніцаю


Адмысловая камісія завяршыла расследаванне прычынаў катастрофы знішчальніка МіГ-29УБ, што адбылася 23 верасня. Матэрыялы расследавання адправілі міністру абароны Юрыю Жадобіну і ў Савет бяспекі. Высновы камісіі не абнародуюць – паведамляе БелаПАН.

Як стала вядома агенцтву, камандуючы ВПС і войскамі СПА Ігар Азаронак зняў часовую забарону на палёты МіГ-29, якую ўвялі пасля катастрофы знішчальніка баранавіцкай авіябазы.

Нагадаем, крушэнне адбылося 23 верасня каля 17.00 у Ганцавіцкім раёне Берасцейскай вобласці падчас планавых палётаў. Самалёт разбіўся пры выкананні элементаў пілатажу павышанай складанасці на малых вышынях. Лётчык І класу, камандзір авіяцыйнай эскадрыллі падпалкоўнік Сяргей Каваленка, і лётчык ІІ класу, намеснік камандзіра авіяцыйнага звяна Аляксандр Жыгайла, якія пілатавалі знішчальнік, загінулі.

У дзень катастрофы прэс-служба Міністэрства абаронцы заявіла, што, каб перадухіліць падзенне летака на населеныя пункты, экіпаж вывеў самалёт у балотна-лясісты раён, дзе і адбылося крушэнне.

belsat.eu

Стужка навінаў