Урад мае план


Ён прадугледжвае прасоўванне Беларусі ў рэйтынгу Сусветнага Банку. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў першы намеснік міністра падаткаў і збораў Сяргей Налівайка.

«Ёсць план, зацверджаны віцэ-прэм’ерам Сяргеем Румасам, для прасоўвання Беларусі ў рэйтынгу Сусветнага Банку. Праца ў гэтым кірунку праводзіцца», – заявіў Налівайка.

Разам з тым першы намеснік міністра адзначыў, што ў беларускага боку ёсць пытанні да складальнікаў рэйтынгу, на якія партнёры з Сусветнага Банку не могуць даць адказ.

Ён нагадаў: «Зыходзячы з апошняга рэйтынгу [падаткаабкладання, паводле якога Беларусь заняла апошняе, 183-е месца], ёсць тры элементы, у якіх Беларусь адстае ад іншых краінаў. Гэта высокі падатковы цяжар, колькасць падатковых плацяжоў і час, які выдаткоўваецца на налічэнне і выплату падаткаў».

Як заявіў чыноўнік, у выніках даследавання выявіліся некаторыя супярэчнасці. «На налічэнне і выплату падатку на дададзеную вартасць складальнікі рэйтынгу адвялі нам 192 гадзіны. А ў папярэднім рэйтынгу нам адвялі 46 гадзінаў. Але метадалогія адлічэння гэтага плацяжа не змянілася. За кошт чаго дадалі 146 гадзінаў, нам так і не растлумачылі», – падкрэсліў Сяргей Налівайка.

Першы намеснік міністра адзначыў, што ў Беларусі ёсць магчымасць узняцца з апошняга месца ў рэйтынгу падаткаабкладання. Адным з эфектыўных крокаў можа стацца зніжэнне падатковага цяжару на фонд заработнай платы суб’ектаў гаспадарання.

«Мы прапаноўваем і настойваем на пераразмеркаванні цяжару на фонд заробку паміж наймальнікам і працаўніком. Мы лічым, што гэта неабходна рабіць, але не знаходзім падтрымання ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны», – сказаў чыноўнік.

Вяртаючыся да рэйтынгу Сусветнага Банку, першы намеснік міністра падкрэсліў, што ёсць і іншыя, не менш грунтоўныя і сур’ёзныя рэйтынгі. «Адзін з такіх рэйтынгаў складзены пры ўдзеле выдання «The Wall Street Journal», якое нельга западозрыць у асаблівых сімпатыях да Беларусі. Дык вось, са 179 дзяржаваў паводле такога паказніку, як фіскальная свабода, Беларусь на 51-м месцы, а са 100 магчымых балаў у нас 80. Гэта даволі высокі паказнік», – паведаміў Налівайка.

belsat.eu

Стужка навінаў