Што праўда, не ўсе і памерам да 150 тыс. руб.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў у панядзелак адпаведны загад «Аб аднаразовай матэрыяльнай дапамозе».
У адпаведнасці з загадам, у ліпені 2011 г. асобы, чыя пенсія не дасягае 686,6 тыс. руб., атрымаюць дапамогу – розніцу паміж гэтаю велічынёй і памерам пенсіі, аднак не болей за 150 тыс. руб.
Дапамогі не атрымаюць асобы на дзяржаўным забеспячэнні (у інтэрнатах, месцах пазбаўлення волі і гэтак далей), а таксама асобы, якія атрымліваюць пенсіі з іншых дзяржаваў і ад Рэспублікі Беларусь у іншых дзяржавах.
Паводле прэс-службы прэзідэнта, такая захада дазволіць «аказаць разавую матэрыяльную дапамогу атрымальнікам невысокіх пенсіяў, для якіх яна ёсць адзінаю крыніцаю сродкаў існавання, а таксама змякчыць негатыўны ўплыў на ўзровень жыцця ў сувязі з ростам коштаў на асноўныя прадукты харчавання і паслугі».
belsat.eu