Віктар Шумскі: Жаўнеры Вермахту – не ахвяры


У Беларусі зарэгістравана 7179 воінскіх пахаванняў, у тым ліку часоў Першай сусветнай вайны і Айчыннай вайны 1812 г., паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Віктар Шумскі.

На пытанне, ці адносяцца да ахвяраў вайны салдаты Вермахту, ён адказаў: «З юрыдычнага пункту гледжання, ахвяры войнаў – гэта ўсе тыя, што загінулі ў ходзе ўзброеных канфліктаў. Калі ж браць маральна-палітычны складнік – кожны, хто хоць трохі цікавіўся ваеннаю гісторыяй, з вялікаю цяжкасцю можа прызнаць жаўнераў Вермахту ахвярамі вайны».

Паводле Шумскага, у Міністэрства абароны існуе прадуманая пазіцыя – увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў у тым сэнсе, у якім гэта заўсёды ўспрымалася беларускімі грамадзянамі, будзе працягвацца. Захаванне ж магілаў замежных грамадзянаў – гэта ўжо іншы аспект, што адносіцца да нормаў міжнароднага гуманітарнага права.

Чыноўнік нагадаў пра стварэнне пад Варонежам мемарыяльнага комплексу вугорскіх вайскоўцаў і выказаў сваю пазіцыю наконт мемарыялаў жаўнерам краінаў нацысцкага блоку: «У Беларусі ніколі і ніхто не дапусціць стварэння такіх мемарыялаў, бо досыць паглядзець, як гэта выглядае, каб зрабіць выснову – гэта і ёсць адзін з момантаў перспектыўнага перагляду гісторыі».

Шумскі паведаміў, што ў 2002 г. у Менску адкрылася прадстаўніцтва Народнага саюзу Нямеччыны для дагляду за ваеннымі могілкамі, якое пад кантролем пошукавага батальёна Міністэрства абароны займаецца эксгумацыяй парэшткаў жаўнераў Вермахту. Па ўзгадненні з мясцовымі органамі ўлады гэтыя парэшткі перахоўваюць на тэрыторыі дзвюх зборных нямецкіх магілаў у Берасцейскай і Магілёўскай абласцях.

Хоць СССР панёс найвялікшыя людскія страты падчас Другой сусветнай вайны, згубіўшы 8 860 400 жаўнераў і 15 760 000 мірных грамадзянаў, краіны гітлераўскай кааліцыі таксама панеслі вялізарныя страты. У прыватнасці Нямеччына і Аўстрыя згубілі 5 318 000 і 280 000 жаўнераў ды 1 440 000 і 140 000 мірных грамадзянаў адпаведна.

belsat.eu

Стужка навінаў