Оўбама працягнуў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў


Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама падоўжыў яшчэ на год санкцыі ў дачыненні беларускіх чыноўнікаў, уведзеныя 16 чэрвеня 2006 г. ягоным папярэднікам Джорджам Бушам. Паводле прэс-службы Белага дому, санкцыі былі прынятыя “праз надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і замежнай палітыцы Злучаных Штатаў”.

Пагрозу складаюць дзеянні “асобных членаў ураду Беларусі ды іншых асобаў, якія разбураюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты, парушаюць правы чалавека”. Гэта выяўляецца ў “палітычных рэпрэсіях, уключна з затрыманнямі ды знікненнем людзей; ва ўдзеле ў грамадскай карупцыі, у тым ліку адцягванне або неналежнае выкарыстанне дзяржаўных актываў ці злоўжыванне дзяржаўнаю ўладаю”.

Оўбама звярнуў увагу на гвалт у дачыненні мірных дэманстрантаў, якія выйшлі абараняць свой выбар, на пераслед і змяшчэнне ў турму апазіцыйных кандыдатаў, працягванне рэпрэсіяў супраць незалежных медыяў і актывістаў грамадзянскай супольнасці падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі ў снежні 2010 г. “Усё гэта сведчыць, што кіраўніцтва Беларусі робіць крокі назад у развіцці дэмакратычнага кіравання і шанаванні правоў чалавека”, – патлумачыў прэзідэнт ЗША.

У 2006 г. ЗША заявілі пра блакаванне ўласнасці ды актываў 10 чалавек: Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Лукашэнкі (памочнік прэзідэнта ў пытаннях нацыянальнай бяспекі), Лідзіі Ярмошынай (старшыня Цэнтрвыбаркаму), Віктара Галаванава (міністр юстыцыі), Віктара Шэймана (памочнік прэзідэнта ў асаблівых даручэннях), Дзмітрыя Паўлічэнкі (тады – камандзір САХРу), Сцяпана Сухарэнкі (тагачасны старшыня КДБ), Аляксандра Зімоўскага (тагачасны старшыня Белтэлерадыёкампаніі), Уладзіміра Навумава (тагачасны міністр унутраных справаў), Наталлі Пяткевіч (тады – намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта). Амерыканскім кампаніям забаронена падпісваць угоды з гэтымі людзьмі.

belsat.eu

Стужка навінаў