Сяргей Балыкін: Беларусь аказалася ў стане алкаголіка


“Мы прадаем дзеля таго, каб “апахмяліцца”, прадаем, каб закрыць нейкія “дзіркі”. Гэта наўпроставы шлях да галечы”, – заявіў эканаміст Сяргей Балыкін у інтэрв’ю “Белсату”.

Паводле эканаміста, беларусаў чакае падвышэнне камунальных тарыфаў, змяншэнне заробкаў, падзенне ўзроўню жыцця насельніцтва. Сяргей Балыкін падкрэслівае, што беларускай эканоміцы патрэбныя рэформы. Аднак эксперт упэўнены, што ўлады на рынкавыя змены не пойдуць. “Ёсць на гэта дзве прычыны: па-першае – не можа, па-другое – не хоча. Улады не маюць досведу кіравання эканомікаю ў рынкавых умовах, – гаворыць Сяргей Балыкін. – Адзіны досвед, які мае ўлада, – гэта досвед прамоваў, досвед дэмагогіі. Досведу кіравання рынкам улада не мае і наўрад ці калі-небудзь атрымае. Рынкавая эканоміка – гэта свабода. А свабоды дзейная ўлада баіцца больш за ўсё іншае”.

Сяргей Балыкін лічыць, што беларускаму рублю патрэбная чарговая дэвальвацыя 25–30 % ды называе яе непазбежнаю. “Пытанне ў тым, якою яна будзе – кантраляванаю альбо рэзкаю, некантраляванаю, максімальна балючая. У любым выпадку, дэвальвацыя будзе”, – падкрэсліў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў