Прызначылі дату суда над Пачобутам


Працэс пачнецца 14 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну Горадні. Весці паседжанне будзе суддзя Віталь Ляцко.

“Справа пачала прыспешвацца. Улады разумеюць, што ў перыяд шокавых рэформаў трэба хутчэй “закрыць” палітычных”, – зазначае калега і сябар журналіста Ігар Банцар. Паводле яго, “справа Пачобута” для Горадні вельмі значная. Шмат хто ведае Андрэя асабіста, людзі цікавяцца ягоным лёсам і лёсам ягонай сям’і.

“Невядома, чым можа гэта ўсё скончыцца, бо ў вельмі цікавы час мы цяпер жывём. Аднак спадзеву, што прысуд будзе ўмоўны, амаль няма”, – прызнаецца Ігар Банцар.

Журналіст гаворыць, што ад Андрэя Пачобута даўно не было ніякіх лістоў, аднак перадачы ў турму прымаюць спраўна. А вось святара да Андрэя Пачобута не пускаюць, нягледзячы на хадайніцтвы. Ігар Банцар называе гэта “дробязным паскудствам” і зазначае, што адміністрацыя турмы імкнецца хоць нечым насаліць свавольнаму вязню.

Карэспандэнту “Gazety Wyborczej” Андрэю Пачобуту выставілі абвінавачанне паводле двух крымінальных артыкулаў: “абраза прэзідэнта” і “паклёп на прэзідэнта”. Гарадзенскаму журналісту пагражае ад 2 да 4 гадоў зняволення.

belsat.eu

Стужка навінаў