З'явіліся насценныя малюнкі ў падтрымку «Белсату»


Блогер vandrounik14 (http://vandrounik14.livejournal.com/52094.html?mode=reply) змясціў фотаздымкі, зробленыя на мабільны тэлефон. На прыпынках, а таксама пад’ездах – надпісы аранжавага і блакітнага колеру з наступным тэкстам «Гэта не пакажуць на БТ. www.belsat.eu». Гэта так званыя стэнсілы ці малюнкі выкананыя балончыкам, спрэям з фарбаю па шаблоне.

Vandrounik14 адзначае, што некалькі надпісаў ужо прыбралі. І задае рытарычнае пытанне: «Цікава, куды знікае аператыўнасць супрацоўнікаў ЖКГ, калі з’яўляюцца падобныя надпісы з усялякай нецэнзуршчынай? Ці яны прыбіраюць толькі там, дзе ёсьць палітычны падтэкст?”

Аўтары стэнсілаў застаюцца невядомымі. Стэнсілы з’явіліся у Зялёным Лузе, Малінаўцы, побач са станцыяй метро Пушкінская у Менску, у Віцебску і Гомелі.

Блогер Zaff-bet (http://zaff-bet.livejournal.com/76231.html?mode=reply) размясціў у сваім блогу здымак налепкі «Белсату», якая, відавочна, ужо некалькі месяцаў вісіць на слупе ў цэнтры Менску. Тут камунальныя службы аказаліся менш дысцыплінаваныя.

Нагадаем, пасля падзеяў 19 снежня для многіх беларусаў тэлеканал «Белсат» стаў галоўнай крыніцай незалежнай інфармацыі. «Белсат» глядзяць, праз спадарожнік ці інтэрнэт, амаль мільён беларусаў. У Менску і рэгіёнах адбываюцца імправізаваныя акцыі у падтрымку незалежных медыяў, у тым ліку і нашага тэлеканалу.

Стужка навінаў