Выключна прапагандысцкія заявы


У Менгарвыканкаме сцвярджаюць, што сітуацыя на валютна-фінансавам і спажывецкім рынку не паўплывала на рынак працы Менску.

Як заявіў намеснік старшыні камітэту працы, занятасці і сацыяльнай абароны Сяргей Іконнікаў, сітуацыя на рынку працы толькі паляпшаецца: “У сталіцы адзначаецца нязначны рост занятасці насельніцтва, захоўваецца высокі попыт на працоўную сілу, ствараюцца новыя працоўныя месцы, зніжаецца вымушаная няпоўная занятасць”.

На меркаванне эканаміста Міхася Залескага, гэтыя заявы носяць выключна прапагандысцкі характар і не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі на рынку працы.

У краіне існуе хітрая сістэма ўліку, гаворыць эканаміст, паводле яе беспрацоўным лічыцца толькі той, хто стаіць на ўліку ў адпаведнай службе і атрымлівае дапамогу. Сапраўдная ж колькасць людзей, што засталіся без працы, уліку не паддаецца: “Мы можам абапірацца толькі на лічбу міністра статыстыкі Уладзіміра Зіноўскага, які нядаўна казаў, што ў краіне часова спынілі працу 600 тысячаў чалавек”.

З падлікаў Міхася Залескага вынікае, што ў Менску беспрацоўных не меней як 100 тысячаў чалавек. На біржу працы яны не звяртаюцца таму, што, як сказаў эканаміст, там няма чаго рабіць – грашовая дапамога мізэрная, годных вакансіяў не прапаноўваюць.

“Лукашэнка вельмі любіць гаварыць, што ў нас шмат вакансіяў, а гэтыя гультаі працаваць не хочуць. Сапраўды, вакансіі прыбіральніцы ці грузчыка ёсць заўсёды. Але мы мусім казаць пра тое, колькі новых працоўных месцаў з аплатаю вышэй за сярэднюю па краіне створана – вось гэта паказнік таго, што краіна рухаецца наперад”, – падсумоўвае Міхась Залескі.

belsat.eu

Стужка навінаў