Добрыя навіны 2022 года. Чым мы можам ганарыцца?


Рэпрэсіі, міжнародны крызіс, вайна суседзяў, у якую зацягнутая нашая краіна. Падаецца, што год цалкам складаўся адно з кепскіх навінаў. Але гэта не так. Шчасце можна знайсці нават у найцямнейшыя часы – так казаў адзін мудрэц у вядомай дзіцячай казцы.

То давайце прыгадаем шчаслівыя моманты беларусаў у 2022 годзе.

Нобэлеўская прэмія міру

Калаж Алісы Ганчар / Белсат

Галоўная добрая навіна і гонар – Нобэлеўская прэмія міру, якой уганаравалі праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Ён цяпер за кратамі і не змог прачытаць сваёй прамовы. Ад імя Бяляцкага выступіла ягоная жонка Наталля Пінчук. Прамова гістарычная і вельмі эмацыйная. Не пашкадуйце часу, каб згадаць словы праваабаронцы.

Дапамога беларусаў Украіне

Калаж Алісы Ганчар / Белсат

Рэйкавыя партызаны – беларусы, якія рызыкавалі жыццём і свабодаю, але спынялі цягнікі. Светлагорскім хлопцам за дыверсію на чацвёрты дзень вайны далі ад 21 да 23 гадоў калоніі. Зміцер Равіч, Алег Маўчанаў, Дзяніс Дзікун – героі Беларусі.

А таксама героі – беларусы, якія паведамляюць пра перамяшчэнне расейскай вайсковай тэхнікі і пра запускі ракетаў з нашай тэрыторыі. На жаль, яны таксама рызыкуюць. Улады ўгледзелі ў фатаграфаванні танкаў нават шпіянаж.

Безумоўна, нашыя ваяры ва Украіне. Тыя, хто аб’ядноўваюцца пад беларускім сцягам, а таксама служаць у іншых украінскіх легіёнах.

Беларускія валанцёры, які актывізаваліся ў першыя дні поўнамаштабнага нападу на Украіну, і дагэтуль дапамагаюць украінцам з усіх куткоў свету.

Вашай увазе адна з гісторыяў, пра якую мы пісалі ў 2022 годзе. Сяргей і Ната планавалі ў сакавіку падарожнічаць аўтамабілем у Еўропе, але вайна змяніла іхныя планы. Пара прыехала з Літвы ў Польшчу, каб дапамагаць украінскім уцекачам на мяжы.

Салідарнасць – падмурак нацыянальнай ідэі беларусаў

Калаж Алісы Ганчар / Белсат

Паспяховыя зборы «BYSOL», дапамога дыяспары, пра іх пісалі BBC, «Forbеs», «The Washington Post» ды іншыя флагманы медыяў свету.

Гэта тое, што навідавоку.

Але шмат праяваў салідарнасці беларусаў цяпер незаўважныя. Тыя, хто ў Беларусі, шукаюць спосабы падтрымліваць адно аднаго. Напрыклад, кіроўца таксі з Менску штотыдзень бясплатна возіць сваякоў палітычных вязняў у Жодзіна, каб тыя маглі завезці перадачы. Людзі робяць рознае: даюць працу звольненым з палітычных прычынаў, дораць падарункі дзецям вязняў. Нават ставяць знічы ў цэрквах за іхнае здароўе. Абяцаем вам калісьці распавесці пра гэтыя праявы любові, але покуль такія гісторыі не з’явяцца ў медыях.

Беларуская саломка трапіла ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО

Калаж Алісы Ганчар / Белсат

Беларускія вырабы з саломкі не маюць аналагаў у свеце. У 85 рэгіёнах краіны ёсць больш за 200 майстроў – носьбітаў традыцыяў саломапляцення. Такім чынам, у спадчыну ЮНЭСКО ўключаныя ўжо чатыры беларускія традыцыі:

абрад «Калядныя цары» ў Семежаве; 

урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе; 

веснавы абрад «Юрʼеўскі карагод» у Пагосце; 

культура ляснога бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёну. 

Запуск віртуальнай Беларусі

Калаж Алісы Ганчар / Белсат

Нас раскідала па ўсім свеце, цяпер маем наладжваць гарызантальныя сувязі адно з адным.

Ідэя «Digital Belarus» – пра супольнасць, што здолее групавацца вакол зразумелых задачаў і зможа захаваць нацыянальны код. Свая інфармацыйная прастора, эканоміка, галасаванне, адукацыя і медыцына. Гэта толькі частка задачаў, што паставіла сабе каманда Новай Беларусі

Пад канец мы склалі кароткі спіс з не такіх глабальных, але таксама добрых нагодаў ганарыцца беларусамі:

«PandaDoc» увайшла ў топ-500 высокатэхналагічных кампаніяў ЗША.

Святлана Алексіевіч – у спісе «Forbes» сярод 50 самых паспяховых жанчын, старэйшых за 50 гадоў.

Сусветнавядомая гульня «Wordle» з’явілася па-беларуску.

У Полацку пачалі выпускаць марозіва «з пандай». Навіна, якая спадабаецца ўсім аматарам культавых глазураваных сыркоў.

Спадарства, у новым 2023 годзе зычым вам і сабе, каб былі толькі добрыя навіны!

belsat.eu

Стужка навінаў