У адной камандзе з Уладзімірам Пуціным. Каго грае Аляксандр Лукашэнка?


Расея і Беларусь зрабілі «значны крок наперад» у развіцці Саюзнай дзяржавы ў 2021 годзе. Такую заяву зрабіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у ходзе перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу на гэтым тыдні. У сваю чаргу Лукашэнка папрасіў Пуціна не спыняць супрацы дзвюх краін у ваеннай сферы, уключаючы сумесныя вучэнні і асабіста падзякаваў за падтрымку Беларусі. Аб тым, за што ж на самай справе дзякаваў Лукашэнка Пуціна і чым запомніцца 2021 год у кантэксце беларуска-расейскіх адносін – далей у сюжэце праграмы «ПраСвет».

6 асабістых сустрэч за год – люты, красавік, май, ліпень, верасень і вось пераднавагодняя размова ў Пецярбургу.

Здаецца, так часта як у 2021 годзе Пуцін і Лукашэнка яшчэ не сустракаліся. Прэс-канферэнцыі, перамовы і нават хакей, лыжы. Снегаходы і яхты – не сябры ці таварышы – мы браты родныя – казаў у інтэрв’ю «РИА Новости» Лукашэнка.

Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук:

«За год адбылося канчатковае разбурэнне заходняга вектара вонкавай палітыкі Беларусі і заняпад усіх астатніх напрамкаў, акрамя адносін з Расеяй».

І калі за 2021 год гаспадар Крамля не стаў братам родным – дык імя апошняга стратэгічнага партнёра заслужыў напоўніцу.

Аляксандр Лукашэнка:

«Я вам вельмі ўдзячны, вельмі ўдзячны вам асабіста, найперш за тое, што Вы зрабілі для Беларусі. І за тую падтрымку, якую вы аказваеце нам. Не хачу вам ліслівіць, справа не ў ліслівасці».

Тут і сапраўды справа не ў ліслівасці або эфемерным моцным сяброўскім плячы, а ў вельмі канкрэтнай фінансавай дапамозе – льготныя цэны на газ захаваны, чарговы крэдыт Менск ужо атрымаў, падтрымка прадпрыемстваў, якія трапілі пад еўрапейскія і амерыканскія санкцыі – забяспечана. Папрасіць яшчэ грошай – чым не нагода для новай сустрэчы?

Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

«Лукашэнка прыляцеў у Санкт-Пецярбург з вялікім партфелем, у якім ляжаць просьбы, патрабаванні і абгрунтаванні для фінансавай падтрымкі. Часткова ўжо было аб’яўлена, што мінімальна Беларусь хоча атрымаць ад Расеі 3,5 мільярда долараў. Але выдатна разумеем, што ў рэальнасці тамака неабходна 7 мільярдаў».

Сумы называюцца розныя, але грошы лішнімі не бываюць, асабліва, калі пяць пакетаў еўрапейскіх і амерыканскіх санкцый супраць рэжыму ўжо ўведзены, а шосты ў распрацоўцы. Вось толькі проста ні з чаго грошай не даюць, нават у выпадку братэрскай любові ці іншай крэўнай сувязі. Калі ў верасні бакам удалося дамовіцца аб прадастаўленні Беларусі крэдытнай падтрымкі ў памеры больш за 600 мільёнаў долараў – у гэты ж час былі падпісаны і 28 праграм інтэграцыі Расеі і Беларусі.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«У 2019 годзе ён адмовіўся падпісваць дарожныя мапы паглыблення інтэграцыі. Але ў 2021 годзе ён быў вымушаны ўжо амаль прызнаць Крым, рэзка пагоршыць адносіны з Украінай – ва ўкраінскім пытанні ён цалкам перайшоў на рэйкі Крамля. І пагадзіцца на стварэнне ваенна-баявых цэнтраў у краіне, якія многія аглядальнікі лічаць правобразамі вайсковых баз ці гібрыднымі базамі. Я думаю, у 2022 годзе Крэмль будзе ўсё гэта праціскаць».

Акрамя цэнтраў восенню Менск і Масква зацвердзілі сумесную ваенную дактрыну, пасля чаго заявілі аб фармаванні адзінай абароннай прасторы. А на сустрэчы ў Пецярбургу Пуцін паведаміў аб планах у лютым-сакавіку правесці расейска-беларускія вучэнні на тэрыторыі Беларусі.

Hавiны
Перамовы Пуціна з Лукашэнкам завяршыліся. Пра што дамовіліся?
2021.12.29 18:54

Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук:

«Ваенная прысутнасць вырасла і Беларусь канчаткова ўключана з пункту гледжання бяспекі ў расейскую прастору. Тут ужо поля для манеўраў практычна не засталося. Гэтага Масква і дамагалася». Цікавы момант – агучаны перыяд вучэнняў супадае з датамі правядзення рэферэндуму па новай Канстытуцыі Беларусі, праект якой быў апублікаваны напярэдадні прыезду Лукашэнкі ў Маскву. На канстытуцыйнай рэформе Крэмль настойваў, але што ў выніку атрымаў ад Менску?

Сяргей Цыпляеў, сябра камітэта грамадзянскіх ініцыятыў:

«Гэта руская мова дзяржаўная і адсутнасць згадкі пра статус нейтральнай дзяржавы і безʼядравай дзяржавы».

Шмат хто з экспертаў, з якімі мы паразмаўлялі, адзначаюць: Лукашэнка спрабуе ўхіляцца і ўсяляк адцягваць момант інтэграцыі, нават сцвярджаючы, што гуляе з Пуціным у адной камандзе.

Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

«Ці Лукашэнка, ці інтэграцыя. Разам яны цалкам несумяшчальныя. За чвэрць стагоддзя мы ў гэтым ужо пераканаліся».

У сваю чаргу, Масква была б не супраць змяніць Лукашэнку, але ў наяўнай сітуацыі Крэмль пакуль гатовы дамаўляцца.

Леанід Гозман, расейскі апазіцыйны палітык:

«Лукашэнка – зручны партнёр, паколькі ён прадэманстраваў, што гатовы прадаваць суверэнітэт Беларусі па частках, па кавалачках».

Сяргей Цыпляеў, сябра камітэта грамадзянскіх ініцыятыў:

«Зразумела, што Лукашэнка – не самы прыемны пасажыр для Крамля. Таму што ў нашых традыцыях патрабуецца, каб васал быў увесь час паслухмяны, прысягаў і выконваў любы загад, а Лукашэнка спрабуе гуляць такога хітрага палітыка».

Расея ж саступаць не збіраецца і тым больш не плануе аслабляць кантроль за ўсім, што адбываецца ў Беларусі.

Hавiны
Палітолаг пра сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна: Маўклівая падтрымка праекту канстытуцыйнай рэформы
2021.12.30 15:36

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Не выпадкова, як шмат хто падкрэслівае, Пуцін збіраецца адправіць у Менск у якасці амбасадара такога палітычнага цяжкавагавіка як Барыс Грызлоў. Я думаю, што місія новага амбасадара – праціскаць выкананне саюзных праграм, паскараць нейкія іншыя працэсы так званага паглыблення інтэграцыі і тут магчымыя ўсякія заварушанні, усялякія сутыкненні».

Але пакуль Лукашэнка і Пуцін выходзяць на лёд у складзе адной каманды. Першы гол у сераду забіў Уладзімір Пуцін, другі і свой адзіны – Аляксандр Лукашэнка – піша Андрэй Калеснікаў. Праўда ў тэксце адзначана, «на размінцы Лукашэнку хапіла хвіліны на тры, і потым ён доўга сядзеў, разваліўшыся і раскінуўшы рукі, на лаве запасных». Але ён усё яшчэ ў гульні – разам з сынам Колем і невялікай групай падтрымкі на трыбуне. Цяжка пазбегнуць палітычных аналогій, ці не так?

Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук:

«Адзінае, што яны атрымалі – гэта час. Тое, што яны ўсё яшчэ застаюцца ва ўладзе. Час на нейкія рэформы, пераўтварэнні, пацыфікацыю насельніцтва праз рэпрэсіі».

Але як кожная гульня – хакейны матч мае ўласцівасць заканчвацца. Да завяршэння падыходзіць і палітычны сезон 21-га года.

Адрозненне толькі адно – атрымаць перамогу на лёдзе падчас матчу, дзе ўсе гульцы і гледачы на ​​трыбунах загадзя ведаюць канчатковы вынік, нашмат лягчэй, чым на палітычнай арэне. Да таго ж, лёд пад нагамі маёра, пра які спяваў Ягор Летаў і Noize MC, мае ўласцівасць ламацца. І тут пытанне – ці гатовы брат або стратэгічны партнёр дапамагчы пад яго не праваліцца.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» 30.12.21

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Стужка навінаў