«Рэжым слабейшы, чым хоча здавацца». Інтэрв’ю са Святланаю Ціханоўскай па-беларуску


Рэпрэсіўная машына не змагла зламіць розуму людзей ды іхнай волі, лічыць Святлана Ціханоўская. А якой яна падымаецца і кладзецца спаць, якія эмоцыі адчувае і чаго зычыць беларусам? Святлана Ціханоўская па-беларуску адказвае на пытанні Аліны Коўшык у праграме «ПраСвет».

Аліна Коўшык: Вам цяжка штодня ўставаць з ложка?

Святлана Ціханоўская: Цяжка калі асабліва рана. А так бывае амаль заўжды.

У паездках гэта прыкладна якія гадзіны?

А 6:30–7:00. Кожную раніцу.

А працоўны дзень а якой прыкладна скончваецца?

Амаль заўжды да 10-й гадзіны вечара, але потым мы вяртаемся ў гатэль і рыхтуемся да наступнага дня. А 1–2-й уночы я магу ісці спаць.

Якім для вас быў гэты год? Гэта ўжо не 2020-ы, калі адбыліся самыя драматычныя падзеі, 2021-ы – год сталай барацьбы. Якім ён быў для вас?

Такі ж цяжкі, як і 2020 год. Кожны дзень ты адчуваеш боль, кожны дзень некага затрымліваюць, кожны дзень мне дасылаюць лісты, што людзей катуюць, кожны дзень прыходзяць з вобшукамі ў кватэры нашых грамадзянаў.

Ты разумееш, што кожны дзень для нашых дзяўчат і хлопцаў у турмах вельмі цяжкі. Ты жывеш з гэтым болем і не можаш да яго прызвычаіцца.

Але кожны дзень адчуваеш гонар за беларусаў, сябе, за тых, хто вакол цябе. Ужо больш за год мы не здаемся і рухаемся наперад, нягледзячы на тое, што цяжка, што вакол гвалт. Мы рухаемся і не спыняемся. Маленькія перамогі натхняюць. Такія маленькія перамогі амаль штотыдзень. Гэты гонар ідзе побач з табой штодня.

Калі беларусы пішуць пра вас у каментарах, часта згадваюць слова «гонар». Вы асацыюецеся ў іх з гонарам за Беларусь.

Я за гэта вельмі ўдзячная. Заўсёды кажу, што ганарыцца трэба сабою за тое, што ты сёння зрабіў: маленькі ўчынак, напісаў ліст, даў грошы на падтрыманне палітвязняў або ўступіў у ініцыятыву «Рабочы рух», «Перамога». Гэта твой унёсак у нашую справу. Дзякую, што ганарыцеся мной, але я ганаруся вамі. Гэта ўзаемна.

Якое дасягненне вашай каманды самае важнае ў гэтым годзе?

Калі вы гаворыце «вашая каманда», я не разумею, што вы маеце на ўвазе. Я заўжды кажу, што каманда – гэта не тыя людзі, якія блізка вакол мяне, а гэта ўсе дэмакратычныя сілы, усе беларусы, якія цяпер змагаюцца. Тое, што не апусцілі рук і не здаліся, што знаходзіце ў сабе моц працягваць, – гэта ўжо дасягненне. Рэпрэсіўная машына вельмі магутная, але мы паказалі моц. Гэтая магутная машына не змагла зламіць розуму людзей ды іхнай волі. Гэта нашае дасягненне.

Hавiны
Офіс Святланы Ціханоўскай падвёў вынікі працы за год
2021.12.29 21:33

Якія тры рэчы дапамогуць беларусам перамагчы?

Думаю, іх больш за тры, але перш за ўсё – вера ў сябе, у сваю моц, у тое, што мы разам. Не сумнявайцеся. Пачуццё пляча, што чалавек думае таксама, як ты, вельмі важна. Другое – міжнароднае падтрыманне і рашучыя дзеянні. Час, калі немагчыма падняцца на ўвесь рост у Беларусі праз гвалт і рэпрэсіі, мы павінны аддаць на аб’яднанне дэмакратычных краінаў. Нам гэта ўдалося, вельмі важна гэта захаваць.

Мабыць, трэцяе – гэта памылкі рэжыму. Памылкі не робяцца проста так. Яны робяцца пад ціскам волі беларусаў. Як мы бачылі з мінулага, гэтыя памылкі вельмі дапамагаюць прыцягваць увагу да беларусаў. Паказваюць, што рэжым слабейшы, чым хоча паказаць.

Дарагія мае, родныя беларусы, ідзіце наперад, не здавайцеся, бо праўда за намі, людзі за намі і мы абавязкова пераможам. На жаль, я не магу назваць даты, але толькі штодзённая праца дапаможа нам выстаяць.

Вельмі натхняльныя словы, але ў ваш адрас ёсць і крытыка. Вы чытаеце яе, вам гэта баліць? Ці вы цвёрда перакананая, што шлях, якім вы ідзяце, слушны?

Залежыць ад таго, хто крытыкуе. Калі яўна бачу, што гэта бот ці чалавек, які абражае мяне, на такое не звяртаю ўвагі. Калі крытыка канструктыўная, і недзе я недарабляю, можа, трэба памяняць стаўленне да нейкага пытання і пачытаць нешта. Такое я абсалютна спакойна ўспрымаю і раблю ўсё, каб зрабіць сябе лепей.

Я выдатна разумею, якая цяжкая дыпламатычная праца, калі сустракаешся з дыпламатамі, а яны ўсе вельмі ветлівыя, усміхаюцца і кажуць, што гатовыя дапамагчы. Па факце яны пільнуюць інтарэсы ўласных краінаў. Ці зʼявіліся ў вас палітычныя сябры?

Я б прыпомніла некалькі чалавек. Можа яны не мае асабістыя сябры, але яны сябры Беларусі. Я бачу, што ім баліць, што яны робяць справу не дзеля карʼеры і фота, як робяць многія, а таму, што яны рэальна хочуць дапамагчы. Бо яны маюць любоў да Беларусі, беларускага народу, маюць сяброў у Беларусі, для тых, хто ў турмах, яны хочуць нешта зрабіць. Абсалютна бескарысліва. Такія людзі ёсць.

Гэта вельмі каштоўна. Што вы пажадаеце беларусам у 2022 годзе?

Жадаю веры ў сябе. Гэта, падалося б, банальныя словы, але гэта тое, чаго людзям час ад часу не хапае. Бо здаецца, што ўсё скончылася, мы бачым вакол толькі гвалт. Трэба імкнуцца думаць пазітыўна, нягледзячы на тое, што вакол. І ведаць, што рэжым слабне. Верыць у сябе і людзей навокал, бо без веры нічога не атрымаецца.

Дзякую вам за цудоўную беларускую мову.

Я спрабую, можа, не так добра, але ж маленькімі крокамі.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 30.12.21

Калаж з фота: Sergei Bobylev; Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Стужка навінаў