«Ноч, Менск, гукі стрэлаў…» У Варшаве прэзентавалі другое выданне кнігі «(Не)расстраляныя»


У дворыку Музею Вольнай Беларусі ў Варшаве 30 кастрычніка адбыўся канцэрт – прэзентацыя другога выдання кнігі «(Не)расстраляныя» – збору твораў беларускіх паэтаў і літаратараў, знішчаных сталінскім рэжымам у 1937 годзе, а таксама эсэ пра іх. Імпрэза адбылася ў межах акцыі памяці «Ноч расстраляных паэтаў», якая сёлета ператварылася ў Ноч паэтаў, бо паэзіі не расстраляеш…

Мужчына цягнецца да новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя» з сабранымі гісторыямі жыцця беларускіх пісьменнікаў, якія сталіся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

«НКВД імкнуўся іх знішчыць. І фізічна, як быццам, знішчыў. Але яны засталіся, яны з намі, яны ў нашых душах, яны нас натхняюць. І мы паказваем сёння, што немагчыма знішчыць сапраўдных беларусаў, моцных людзей. Застаецца іхны дух, іхнае слова», – казаў у пачатку імпрэзы вядоўца, беларускі культуролаг і актор Васіль Дранько-Майсюк.

«Знак роўнасці паміж камунізмам і нацызмам не пастаўлены»

Амаль 500-старонкавы важкі том «(Не)расстраляных», перавыдадзены сёлета беластоцкім выдавецтвам «Kamunikat» (першы раз кніга выйшла ў 2021-м у выдавецтве «Янушкевіч»), можна было набыць у гасцёўні Музею Вольнай Беларусі. 

Сваім афармленнем – дамінаванне белага колеру – кніга перагуквалася з беласнежнымі заслонамі на сценах вялікай залы музею і з адзіным пакуль у гэтай зале экспанатам – фотаздымкамі праекту пра неўміручы беларускі пратэст «Protest not dead». І яшчэ здавалася, што кніга таемна камунікавала з салідным томам «Сабакаў Еўропы» Альгерда Бахарэвіча: кнігай, якую сучасныя энкавэдэшнікі ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкаю». Суседства і блізкасць гэтых кніг магло падацца дзіўным толькі выпадковым людзям.

Сяргей Будкін прамаўляе на канцэрце прэзентацыі новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя» з гісторыямі жыцця беларускіх пісьменнікаў, якія сталіся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Аўтар ідэі і прадзюсар праекту, журналіст Сяргей Будкін казаў на прэзентацыі, што «(Не)расстраляныя» – «кніга не пра ахвяраў», ушаноўваць творцаў варта «не толькі за тое, што іх забілі, але і за тое, што яны зрабілі: прыняць іх у нашым часе».

«Беларусь выжыла, і цяперашняму пакаленню выпаў лёс падлічыць страты. Мы мусім гэта зрабіць, каб кожная ахвяра была названая і аплаканая. І гэта толькі першы ўзровень ушанавання. Важная таксама праца на іншым узроўні – палітычным: неабходнасць канстатацыі факту знішчэння беларускай культурнай эліты і асуджэнне дзеянняў камуністычнага рэжыму… Знак роўнасці паміж камунізмам і нацызмам пакуль на афіцыйным узроўні не пастаўлены», – адзначыў Сяргей Будкін.

Пакуль у кабінетах вісяць партрэты Дзяржынскага…

Гэтыя словы гучалі на вольным паветры асветленага дворыку і ўздымаліся да чорнага прастакутніка варшаўскага неба. Магчыма, такія ж прастакутнікі бачылі ў апошнія хвіліны перад расстрэлам з калодзежаў двароў НКВД беларускія пісьменнікі 85 гадоў таму…

Але аналогія не спрацоўвала: у дворыку на Фоксаль 11 у Варшаве няма крывава-чырвонай цэглы і кратаў на вокнах. Усё дыхае свабодаю. «Буду клікаць народ свой да волі», – спявае на фоне бел-чырвона-белых стужак словы Міхася Чарота беларускі музыка Алесь Дзянісаў.

Гледачы ў Музеі Вольнай Беларусі падчас канцэрту прэзентацыі новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя» з сабранымі гісторыямі жыцця беларускіх пісьменнікаў, якія сталіся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

«Ноч, 1937-ы, Менск. Гукі стрэлаў: 132 расстраляныя. Ноч, 1990-ыя, Менск. Гукі стрэлаў: Ганчар, Захаранка, Красоўскі. 2020-ы, ноч, Менск, гукі стрэлаў: Тарайкоўскі, Бандарэнка. 20212022: сотні тысяч рэпрэсаваных. Як тады, у 1930-ыя… Пакуль у кабінетах супрацоўнікаў сілавых ведамстваў будуць вісець выявы Дзяржынскага, а насупраць будынкаў, дзе яны працуюць, будуць стаяць помнікі злачынцам, ніколі не будзе вольным беларускі народ», – казаў падчас імпрэзы кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка.

Палітык сцвердзіў, што Расея, з яе імперскімі амбіцыямі, пагражае беларускай дзяржаўнасці і нацыі, бо расстраляныя ў ноч на 30 кастрычніка 1937 года былі знішчаныя найперш за тое, што былі беларусамі, а загад аддавалі з Масквы. Павел Латушка нагадаў, што Абʼяднаны кабінет выступіў з асуджэннем камунізму ды іншых таталітарных ідэалогіяў:

«Але больш важна, што такая імпрэза, якую ладзім сёння, фармуе сапраўдную нацыянальную культуру гістарычнай памяці. Часам трагічнай і траўматычнай, але – нашай… Пакуль існуюць тыя, хто памятае, Беларусь будзе жыць. Таму са смуткам, але і вялікім гонарам за наш народ кажу: жыве Беларусь!»

Алена Баярава і Васіль Дранько-Майсюк чытаюць творы рэпрэсаваных паэтаў падчас канцэрту прэзентацыі новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя» з гісторыямі жыцця беларускіх пісьменнікаў, якія сталіся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Вельмі моцна гучалі пасля гэтага выступу радкі з вершу Алеся Дудара «Пасеклі край наш папалам» у выкананні Васіля Дранька-Майсюка. А потым пранізлівая Паліна Дабравольская («Chornabrova») спявала творы на вершы сучасных паэтаў (Ганны Янкуты, Марыі Мартысевіч). Аж падалося, што неба над Варшаваю прасвятлела.

Артур Міхальскі: Беларусь будзе свабоднай!

Перад удзельнікамі вечарыны памяці выступіў таксама надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Ён казаў, што памятаць пра пакуты сваіх герояў трэба не для стварэння міфаў ахвяры, а каб цаніць свабоду, незалежнасць і годнасць:

«Памяць пра тых, хто пакутаваў дзеля Радзімы, салідарнасць з імі – гэта абавязак народу. Бо калі пра ахвяраў таталітарызму забываюцца, каты перамагаюць чарговы раз. Калі мы вяртаем памяць пра гэтыя ахвяры, то бяром з іхных пакутаў сілы для пераменаў… Беларусь будзе свабоднаю, бо беларускі народ, хоць і плаціць надзвычай высокую цану, пацвярджае, у тым ліку тут, сёння, што памятае пра сваіх герояў».

Гурт «Relikt» выступае падчас канцэрту прэзентацыі новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя». Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Падчас прэзентацыі ў Варшаве гучалі ўрыўкі твораў Анатоля Вольнага, Міхася Чарота, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова ды іншых. Гучалі так, што было ясна: нерасстраляныя. 

Магутным завяршальным акордам імпрэзы стаўся выступ гурту «Relikt».

Выдавецкі праект «(Не)расстраляныя» быў названы экспертамі радыё «Свабода» «Кнігаю году» ў жанры non-fiction, атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН як найлепшае публіцыстычнае выданне. Прэзентацыя выдання ў Варшаве прайшла ў межах акцыі памяці «Ноч расстраляных паэтаў», якая ўпершыню ладзілася ў 2017 годзе ў Курапатах каля Менску, дзе пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскага рэжыму. Сёлета акцыя памяці прайшла ў 21 краіне свету. У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ахвярамі катаў НКВД сталіся 22 літаратары.

Паліна Дабравольская спявае песню на словы сучасных беларускіх аўтараў падчас канцэрту – прэзентацыі новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя». Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года. Фота: Белсат
Цені людзей на сценах дворыку Музею Вольнай Беларусі падчас канцэрту – прэзентацыі новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя». Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года. Фота: Белсат
Алесь Дзянісаў выступае з песняю на словы аднаго з рэпрэсаваных аўтараў падчас канцэрту – прэзентацыі новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя», у якой сабраныя гісторыі жыцця беларускіх пісьменнікаў, якія сталіся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года. Фота: Белсат
Павел Латушка, кіраўнік НАУ і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету, выступае з прамоваю падчас канцэрту – прэзентацыі новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя». Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года. Фота: Белсат
Гледачы ў Музеі Вольнай Беларусі падчас канцэрту – прэзентацыі новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя», у якой сабраныя гісторыі жыцця беларускіх пісьменнікаў, якія сталіся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2022 года. Фота: Белсат
Агляд
Курапаты. Дарога памяці даўжынёй 85 гадоў
2022.10.29 19:54

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў