Прысуд журналістцы Ларысе Шчыраковай і содні за БЧБ-куртку. Рэпрэсіі за 31 жніўня


Рэжым у Беларусі не спыняецца з рэпрэсіямі супраць сваіх жа грамадзянаў. «Белсат» штодня сочыць за выпадкамі ціску, які чыніцца ў нашай краіне. Распавядаем пра факты рэпрэсіяў, пра якія стала вядома 31 жніўня.

Ларыса Шчыракова падчас судовага паседжання. Крыніца: viasna96 / Telegram

Былой гомельскай журналістцы і культурнай дзяячцы Ларысе Шчыраковай агучылі прысуд – 3,5 года калоніі агульнага рэжыму і штраф у 3500 рублёў. На яе завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб распаўсюдзе ў інтэрнэце заведама непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь (арт. 369-1, ч. 1), а таксама абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК). Суддзёй у справе выступаў Мікалай Доля.

Hавiны
Вынеслі прысуд былой гомельскай журналістцы Ларысе Шчыраковай – 3,5 года калоніі
2023.08.31 16:33

У Гомлі 1 верасня пачнуць судзіць 18-гадовага Арсенія Елісеева – адміністратара канала Anonymous Russia, які ўваходзіць у сетку Killnet. Ён родам з Гомля, вучыўся ў школе №52. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: ч. 1 і 2 арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных»), ч. 1 арт. 340 КК («Заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы»). Падрабязнасці справы праваабаронцам невядомыя. Яе будзе разглядаць Вольга Церахава.

Сілавікі затрымалі хлопца за бел-чырвона-белыя палосы на куртцы. За гэта на яго завялі адміністратыўную справу і арыштавалі на 15 содняў. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, раней хлопца ўжо затрымоўвалі за «экстрэмісцкую» татуіроўку, якую яго прымусілі «перабіць». Ён зрабіў гэта і прыйшоў адсправаздачыцца да сілавікоў.

Затрыманы за куртку хлопец. Калаж: guBAZA / Telegram; ellesse.com

Палітзняволенага прадпрымальніка з Зэльвы Віктара Ламеку асудзілі да трох гадоў калоніі. Бізнесоўца прызналі вінаватым у паклёпе і абразе Лукашэнкі (арт. 367 і арт. 368 КК). Падчас затрымання сілавікі моцна збілі мужчыну ў мікрааўтобусе, а затым супрацоўнікі 9-га ўпраўлення ГУБАЗіК працягнулі збіццё ў будынку ведамства. У мужчыны вельмі моцна пацярпела нага. Калі прадпрымальнік ужо знаходзіўся ў СІЗА, стала вядома, што памерла ягоная маці.

Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго супрацоўніка «Белгіпразем», які падчас мітынгаў «назіраў збоку» і здымаў тое, што адбывалася, бо спачуваў пратэстоўцам. На «пакаянным» відэа затрыманы прадстаўляецца начальнікам аддзелу прававой, кадравай і арганізацыйнай работы прадпрыемства. Раней паведамлялася пра затрыманне двух супрацоўнікаў інстытуту «Белгіпразем» і сына аднаго з іх.

На працы затрымалі супрацоўніка лясгасу – жыхара Свіслачы. Ён нібыта напісаў больш за 4000 негатыўных каментароў, у якіх «заклікаў да псавання маёмасці міліцыянтаў і негатыўна выказваўся на адрас кіраўніцтва краіны», а таксама быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы.

Hавiны
Марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно!» прызналі «экстрэмісцкім»
2023.08.31 20:58

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў