Што варта ведаць беларускім эмігрантам у Польшчы пра дыскрымінацыю, легалізацыю і абарону правоў


Пасля выбараў 2020 года Польшча выдала беларусам больш за 355 тысяч візаў. Цяпер тут легальна працуюць не менш за 91 тысячу чалавек. Як паказвае практыка, з праблемамі сутыкаюцца не толькі тыя, хто працуе «na czarno». Працягваем расказваць, што трэба ведаць беларусам аб працы ў Польшчы.

Для гэтага матэрыялу «Белсат» кансультавалі старшыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, прэс-сакратар Цэнтру беларускай салідарнасці Антось Жукаў, юрысткі Цэнтру беларускай салідарнасці Марына Грышчанка і Алеся Пажытак, а таксама спецыялістка ў пытаннях кадраў, якая называе сябе Веда і дапамагае парадамі ў беларускіх чатах. Першая частка тут:

Парады
Як беларусам не трапіць на махляроў, працуючы ў Польшчы
2022.08.30 19:35

Беларусы ў Польшчы ўсё яшчэ маюць праблемы з дыскрымінацыяй і легалізацыяй

Антось Жукаў згадвае, што на пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне было шмат паведамленняў пра дыскрымінацыю беларусаў. Працадаўцы адмаўляліся браць грамадзянаў нашай краіны, агенцтвы не хацелі іх уладкоўваць. Некаторыя таму, што ў іх працуе шмат украінцаў, – баяліся канфліктаў. Паводле нядаўняга даследавання, з рознымі відамі дыскрымінацыі ў Польшчы сутыкаўся 31 % беларускіх эмігрантаў. Праз паўгода, якія мінулі з 24 лютага, «сітуацыя стабілізавалася», кажа Жукаў, хоць выпадкі дыскрымінацыі яшчэ з’яўляюцца, а пару банкаў захавалі абмежаванні для беларусаў, якія жадаюць адкрыць рахунак.

Ён расказвае, што беларускія эмігранты – гэта людзі, якія збольшага не планавалі з’язджаць, таму не вучылі польскай мовы. Часцей за ўсё ім патрэбная фізічная праца. Раней, да вайны, на такую працу ў Польшчу прыязджалі ўкраінцы – іх шмат на заводах, у крамах і нават агенцтвах працаўладкавання. Сярод іх ёсць тыя, хто негатыўна ставіцца да беларусаў: Жукаў разважае, што ў Польшчу з Украіны ехалі працаваць «не палітолагі, не прафесары», а простыя людзі, якія маглі і не чуць пра падзеі ў Беларусі апошніх гадоў. Яны не ведаюць, што беларусы супраціўляліся гэтай уладзе і не падтрымліваюць афіцыйнай пазіцыі ў дачыненні вайны.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі, якія жывуць у Беластоку. Яна ўзяла ўдзел у акцыі на Дзень Волі, што адбылася ля помніку Юзэфу Пілсудскаму. Беласток, Польшча. 25 сакавіка.
Фота: ПК / Белсат

Дагэтуль здараюцца выпадкі, калі беларусы маюць праблемы з легалізацыяй праз неразуменне працэдураў. Юрыстка Алеся Пажытак згадвае, як некалькі дзён таму кансультавала жанчыну, якая з пачаткам поўнамаштабнай вайны з’ехала з Украіны ў Польшчу, нічога не зразумела, спужалася дэпартацыі ў Беларусь – і вярнулася ва Украіну, дзе ідзе вайна. Толькі праз паўгода яна прыйшла да таго, што будзе падавацца на міжнародную абарону.

Дзе шукаць дапамогу

Польская працоўная інспекцыя мае «гарачую лінію», але там гарантуюць кансультацыі толькі па-польску і па-ўкраінску.

Беларусы ў Польшчы могуць звяртацца па дапамогу ў Цэнтр беларускай салідарнасці – цэнтр дапамагае ў пытаннях парушэння правоў беларусаў у Польшчы, мае ў штаце шэсць юрыстаў, а дапамога бясплатная ад пачатку і да канца працэсу. Толькі з 24 лютага Цэнтр атрымаў звыш 5500 зваротаў. Беларускі дом дае дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў.

Старшыня Беларускага дому Алесь Зарэмбюк рэкамендуе тым, хто шукае дапамогі, не тэлефанаваць, а пісаць заяўкі на e-mail ці ў формы зваротнай сувязі. Калі тэлефанаваць, дапамагчы таксама могуць, але каардынатар можа згубіць нейкія важныя дэталі, бо размовы не запісваюцца.

Па дапамогу і кансультацыі можна звяртацца і ў чаты або суполкі беларусаў у сацсетках. Але Зарэмбюк засцерагае: не ўсе там эксперты ў польскім праве, могуць даць няправільныя парады або нават скіраваць у сумнеўныя фірмы. Лепей звяртацца ў профільныя беларускія ці польскія арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі працы, або да прафесійных юрыстаў.

Марына Грышчанка звяртае ўвагу: у Польшчы юрыстам можа назвацца кожны – законы не абараняюць гэтага слова, а вызначаюць, хто можа называць сябе, напрыклад, адвакатам, суддзёй ці юрысконсультам.

Што з абаронай правоў працоўных у Польшчы

Польскае заканадаўства часцей за ўсё стаіць на баку працаўніка. Працадаўцу, які парушыў дамову, вельмі цяжка выйграць суд або спрэчку з Управаю працы (Urząd Pracy).

Дворец культуры и науки в Варшаве, Польша
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ды і разборы трываюць доўга: ад звароту да рашэння суда ў Варшаве праходзіць прыблізна паўгода, расказвае юрыстка Марына Грышчанка. Якія шанцы перамагчы ў судзе, яна сказаць не можа: гэта вельмі індывідуальна. Залежыць ад таго, ці была падпісаная дамова, ці знойдуцца сведкі і пацверджанне таго, як чалавек працаваў, ці далучаць да справы SMS ці e-mail.

Грышчанка адзначае, што ёй прыблізна раз на тыдзень трапляюцца выпадкі, калі чалавек працаваў нелегальна і хоча абараняць свае правы. Гэта таксама магчыма: за любую выкананую працу трэба выплачваць заробак. Нават калі няма пісьмовага пацверджання аб заключэнні дамовы, можна звярнуцца ў Працоўную інспекцыю (Państwowa Inspekcja Pracy), і тая ўжо правядзе ўласныя праверкі, або ў суд. Могуць пакараць працадаўцу і забавязаць выплаціць заробак, але могуць і аштрафаваць працаўніка, калі ён не працаваў легальна (не меў дазволу на працу і візу, якая дазваляе працаваць).

Можна змагацца і з дыскрымінацыяй пры прыёме на працу ці звальненні. Але Антось Жукаў кажа, што звычайна «ў дакументах усё чысценька», фармальныя прычыны знойдуць, ды і эмігранты часцей уладкоўваюцца на ўмовы, якія лёгка разарваць. У вялікіх кампаніях не напішуць наўпрост «мы не бярэм беларусаў». Жукаў прыводзіць прыклад: у Бельску-Бялай з адной крамы «Biedronka» ў адзін момант звольнілі адразу шэсць беларусаў. Афіцыйна ім не казалі, што гэта праз грамадзянства, але было зразумела, што калі звольнілі толькі беларусаў і нікога больш, то гэта не проста супадзенне. Калі працаўніка незаконна звальняюць, дык той звычайна не хоча вяртацца да такога працадаўцы – гаворка часцей ідзе пра тое, каб атрымаць кампенсацыю.

Што з легалізацыяй беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў і вайны

Як легалізавацца і атрымаць дазвол на працу ў Польшчы, мы падрабязна расказвалі ў 2020 годзе. Але з таго часу з’явіліся новыя нюансы.

Hавiны
Як беларусу легалізавацца ў Польшчы? Пакрокавая інструкцыя
2020.08.24 19:49

Цяпер беларусы ў Польшчы пераважна працуюць паводле гуманітарных візаў, кажа Зарэмбюк. Але гуманітарныя візы заканчваюцца, а працэдуру іх выдачы на тэрыторыі Польшчы пакуль не пачалі (абяцалі пачаць увесну, потым улетку, калі ж напраўду пачнуць, невядома). Затое пакуль у Польшчы захоўваецца стан эпідэмічнай пагрозы («stan zagrożenia epidemicznego»), дзеянне гуманітарных візаў аўтаматычна працягваецца – і нават калі стан скасуюць, візы будуць дзеяць яшчэ 30 дзён.

Беларусы з гуманітарнай візай могуць прасіць часовы від на жыхарства паводле спрошчанай працэдуры. Але калі гуманітарная віза канчаецца, а віду на жыхарства яшчэ няма, то трэба, каб працадаўца звярнуўся ў адпаведную службу па дазвол на працу. Іншай палёгкі для беларусаў няма, легалізавацца трэба на агульных правілах.

Тыя, хто не мае гуманітарнай візы і не можа вярнуцца ў Беларусь з палітычных прычынаў (напрыклад, хто ўцёк ад рэпрэсіяў ва Украіну, а потым ад вайны – у Польшчу), могуць скарыстацца часовай абаронай на падставе рашэння Рады Еўразвязу.

Што важна ведаць пра міжнародную абарону

Юрыстка Алеся Пажытак расказвае, што для беларусаў перабыванне ў Польшчы без візы і толькі «на штампе» аб прыездзе з Украіны – сумнеўны стан пасля першых 15 дзён, таму падавацца на міжнародную абарону варта як мага хутчэй. Здараюцца выпадкі, калі памежная служба штрафуе людзей, якія запозна звяртаюцца па міжнародную абарону – юрысты аспрэчваюць такія рашэнні і спрабуюць «адукоўваць» чыноўнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская на сустрэчы з працаўнікамі Цэнтру беларускай салідарнасці ды дзецьмі ўцекачоў з Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Польскія ўлады даволі лаяльна ставяцца да беларусаў, кажа юрыстка Марына Грышчанка: сумневаў у небяспецы вяртання ў Беларусь звычайна не ўзнікае, адсотак пазітыўных рашэнняў вельмі высокі. Працэдура ўжо паскорылася з колішніх шасці месяцаў да прыблізна трох.

Пры падачы на міжнародную абарону за рэдкім выключэннем забіраюць пашпарт, даюць часовае пасведчанне («Tymczasowe zaświadczenie tożsamości cudzoziemca»). Гэтае пасведчанне не дае права на працу, але калі чалавек мае гуманітарную візу, то права на працу захоўваецца. Пажытак раіць рабіць перад падачай натарыяльна завераную копію пашпарта.

Супрацоўнікі Памежнай службы кажуць людзям з гуманітарнай візай, што ім нельга працаваць падчас разгляду дакументаў на міжнародную абарону, але норму, якая гэта забараняла, скасавалі ў 2015 годзе. Таксама не заўсёды вераць у гэта працадаўцы, калі прымаюць на працу: шмат каму прасцей сказаць «не», чым разбірацца, таму калі ёсць магчымасць, лепей уладкавацца на працу да падачы на міжнародную абарону.

Польшча не такая і кепская

Часам ад беларусаў можна пачуць расчараванне ў Польшчы: незразумелыя правілы, цяжкая праца, а вунь сябра добра ўладзіўся ў Нямеччыне/Чэхіі/Партугаліі… Антось Жукаў разважае: праблема можа быць не ў Польшчы, а ў тым, што людзям цяжка даецца незапланаваны пераезд. Дый сумуюць яны па звыклым жыцці ў Беларусі. Ён згадвае: адзін чалавек нават пісаў у каментарах, што «гэта жах, гэта рабаванне», бо ў яго ў Менску была свая кватэра, а ў Польшчы даводзіцца плаціць за арэнду кватэры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Спецыялістка ў пытаннях кадраў Веда наракае на тое, што многія беларусы прызвычаіліся працаваць у рытме беларускіх прадпрыемстваў – «прыносіць цела на працу». Беларусам можа быць нязвыкла, што «калі на заводзе ёсць норма выпрацоўкі, то ты мусіш яе рабіць». Часта гэтая норма можа значыць, што за межамі 30-хвіліннага перапынку ў 8-гадзінным працоўным дні не застанецца часу на перакуры і туалет – адыдзеш і страціш час на выпрацоўванне той нормы. Многія працадаўцы прызвычаіліся, што да іх ішлі «зарабатчане» – да вайны многія ўкраінцы прыязджалі з мэтай хутка зарабіць як паболей, таму згаджаліся на горшыя ўмовы і «працавалі як праклятыя».

Жукаў разважае: у Нямеччыне ці Злучаных Штатах можна, вядома, зарабіць больш, але там будзе цяжэйшая легалізацыя, дый у Польшчы цяпер найвялікшая і самая «крышталізаваная» дыяспара. І пакуль Польшча працягвае выдаваць беларусам гуманітарныя візы, у некаторых краінах, наадварот, спрабуюць спыніць выдачу візаў для беларусаў (як у Літве) або ўжо спынілі выдачу візаў, акрамя гуманітарных выпадкаў (як Чэхія і Эстонія).

Алесь Наваборскі  belsat.eu 

Стужка навінаў