«Пасланы Богам»? Як Міхаіл Гарбачоў ставіўся да Лукашэнкі, Пуціна, КГБ і Украіны


Папа Рымскі Ян Павал ІІ казаў пра Міхаіла Гарбачова, што той быў «пасланы Богам». Бог забраў яго 30 жніўня 2022-га, падараваўшы 91 год жыцця. Ёсць змрочная іронія ў тым, што разбуральнік жалезнай заслоны памёр у дзень народзінаў беларускага дыктатара Лукашэнкі – чалавека, праз якога Беларусь ізноў апынулася за загародаю з калючым дротам.

На афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі ў першай палове серады 31 жніўня так і не з’явіліся афіцыйныя спачуванні з нагоды смерці Міхаіла Гарбачова, хоць маюцца віншаванні прэзідэнта Кыргызстану і спачуванні прэзідэнту Пакістану ў сувязі з ахвярамі наваднення.

Гарбачоў і Лукашэнка

У сваіх ранейшых выступах Аляксандр Лукашэнка неаднойчы падкрэсліваў, згадваючы развал Савецкага Саюзу, што пляскаў у далоні, калі Гарбачоў пакідаў уладу. Усю віну за развал СССР ён ускладаў акурат на Гарбачова, які, на ягоную думку, проста спужаўся і кінуў краіну.

На прэс-канферэнцыі з нагоды 20-й гадавіны путчу так званага ГКЧП Міхаіл Гарбачоў казаў, што Лукашэнка быў адзіным дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, які быў супраць Белавежскіх пагадненняў і распаду СССР (не хацеў развалу і сам Гарбачоў).

Міхаіл Гарбачоў і Аляксандр Лукашэнка.
Фота: Фото: Viktor Tolochko / TASS via Getty Images

Але папракнуў Лукашэнку, што той з гадамі неяк змяніўся, стаў вельмі самаўпэўнены і ператварае краіну ў каралеўства.

Працаваў памочнікам камбайнера

Міхаіл Гарбачоў нарадзіўся 2 сакавіка 1931 года ў Прывольным на Стаўрапольшчыне ў сялянскай сямʼі. Маці Марыя Гапкала была ўкраінкай, ейны род паходзіў з Чарнігаўшчыны. Дзед Міхаіл паводле матчынай лініі, пераехаўшы на Стаўрапольшчыну, працаваў старшынём калгасу, пакуль у 1937-м не быў арыштаваны за «трацкізм» – ацалеў цудам.

У 1943-м сямʼя Гарбачовых атрымала «пахаронку» з фронту пра смерць бацькі Міхаіла. Праз некалькі дзён высветлілася, што адбылася памылка: Сяргей Гарбачоў жывы.

Будучы прэзідэнт СССР яшчэ вучнем сярэдняй школы працаваў памочнікам камбайнера і атрымаў за гэта свой першы дзяржаўны ордэн. У 19 гадоў стаўся кандыдатам на чальца КПСС, а ў 21 год – сябрам партыі. Вучыўся ўжо тады на юрыдычным факультэце МДУ, куды хлопца з дзяржаўнай узнагародай у кішэні ўзялі без экзаменаў.

Гарбачоў і КГБ

У 1966 годзе, яшчэ да таго, як Гарбачова выбралі першым сакратаром Стаўрапольскага гаркаму КПСС, ягоную кандыдатуру прапаноўвалі ў якасці начальніка ўпраўлення КГБ Стаўрапольскага краю. Кандыдатуру ў выніку адхілілі. Невядома, як склаўся б лёс Гарбачова і ўсёй савецкай імперыі, каб яе будучы кіраўнік прайшоў праз школу дзяржбяспекі, як, прыкладам, Пуцін.

Уладзімір Пуцін 31 жніўня выказаў сямʼі памерлага глыбокія спачуванні, назваўшы Гарбачова палітыкам, «які зрабіў аграмадны ўплыў на хаду сусветнай гісторыі». Уплываць на хаду гісторыі (але ў супрацьлеглым кірунку) марыць, напэўна, і сам Пуцін. Не ўдаецца.

Міхаіл Гарбачоў і Уладзімір Пуцін у 2002 годзе.
Фота: ИТАР-ТАСС

Між тым, рабіць кар’еру ў КГБ Гарбачоў мог пачаць і ў 1969 годзе, калі Юрый Андропаў, пазнаёміўшыся з маладым і вельмі энергічным стаўрапольскім лідарам, хацеў прызначыць яго на пасаду намесніка старшыні ўсяго саюзнага КГБ. Але і тут не прайшло. Як пісаў гісторык Рой Мядзведзеў, Андропаў быў проста ў захапленні ад Гарбачова. Прыхільнасць і апека Андропава адыграла ці не найважнейшую ролю ў кар’еры Гарбачова. Але не кагэбэшнай.

Вызваліў палітычных вязняў

Ужо на вяршыні ўлады Гарбачоў даў старт палітыцы дэмакратыі і галоснасці. Стаўшыся ў сакавіку 1985 года генеральным сакратаром КПСС, Гарбачоў вярнуў з палітычнага выгнання дысідэнта і Нобэлеўскага лаўрэата Андрэя Сахарава ды спыніў пераслед за іншадумства. Менавіта пры Гарбачову на свабоду з савецкіх турмаў і калоніяў выйшлі апошнія на той момант палітвязні.

Савецкія людзі спрабавалі дыхаць свабодаю, канцэнтрацыя якой у паветры нарастала. Прычым свабодай ува ўсіх сэнсах. У 1987 годзе Гарбачоў абвясціў амністыю для пенсіянераў, інвалідаў і ўсіх жанчын, асуджаных за няцяжкія злачынствы.

У жніўні 1990-га Міхаіл Гарбачоў падпісаў загад аднавіць правы ўсіх ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1920–50-х гадоў. Паводле загаду, рэпрэсіі з палітычных, сацыяльных, нацыянальных ці рэлігійных прычынаў былі прызнаныя незаконнымі.

«Турэмнае радыё абвясціла пра смерць Міхаіла Гарбачова. Менавіта пры ім у СССР былі вызваленыя апошнія палітвязні.

І тое, што сёння такія, як я, даведаюцца пра ягоную смерць праз камерныя радыёкропкі, выдатна характарызуе пачаты гэтым выдатным чалавекам кульбіт, учынены маёй краінаю», – напісаў з-за кратаў расейскі дэмакратычны лідар і палітычны вязень Аляксей Навальны з нагоды смерці Міхаіла Гарбачова.

Гарбачоў і Беларусь

У 1986 годзе Гарбачоў накіраваў у Менск адмысловую камісію, бо атрымаў ліст ад беларускай інтэлігенцыі пра крытычны стан беларускай мовы. У выніку ЦК КПБ давялося змяніць сваё стаўленне да роднай мовы.

Але ў тым жа годзе здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Па загадзе Гарбачова тысячы людзей у Менску і Кіеве 1 траўня 1986-га выйшлі на дэманстрацыі, рызыкуючы здароўем і жыццём, бо не ведалі пра катастрофу. Загад правесці дэманстрацыі далі, каб не выклікаць панікі ў насельніцтва. Пра маштаб катастрофы Гарбачоў ужо ведаў.

Міхаіл Гарбачоў вельмі паважаў Васіля Быкава, бараніў яго і Алеся Адамовіча ад нападак мясцовага партыйнага кіраўніцтва. У 1994 годзе прыехаў на развітанне з Адамовічам і даў вялікае інтэрвʼю пра Быкава пасля ягонай смерці.

У 2020 годзе Гарбачоў спачатку ўскосна падтрымаў пратэсты ў Беларусі і пахваліў беларусаў, заявіўшы, што «цяпер ужо яны маюць характар, і гэта добра». Але пазней казаў, што «беларускаму народу трэба вучыцца знаходзіць агульную мову, а не даводзіць да бязладдзя ў рэспубліцы».

Гісторыі
Лёс дзяцей дыктатараў пасля іхнай смерці: ад збору бутэлек да мільярдаў на рахунках
2022.08.31 19:04

Папракаў Лукашэнку, што той спазніўся са зваротам да рабочых прамысловых прадпрыемстваў, маўляў, гэта было ягонаю памылкаю. Каментуючы падзеі ў Беларусі, нагадваў, што ён дабравольна пакінуў пост прэзідэнта СССР, «каб унікнуць расколу і ўнутранай вайны». Намёк Лукашэнка зразумеў, але рабіць так, як Гарбачоў, зусім не збіраўся.

Трапіў у спіс «Міратворца»

Міхаіл Гарбачоў быў у спісах украінскага сайту «Міратворац» як чалавек, які публічна ўхваліў анексію Расеяй Крыму ў 2014 годзе. У дачыненні Гарбачова з 2016-га дзеяла забарона СБУ на ўезд ва Украіну цягам 5 гадоў.

У сакавіку 2014 года Гарбачоў вітаў вынікі рэферэндуму ў Крыме аб далучэнні яго да Расеі. Назваў тады волевыяўленне крымскага народу выпраўленнем гістарычнай памылкі. Асудзіў санкцыі супраць РФ, уведзеныя ЗША і Еўразвязам супраць расейскіх палітыкаў.

Міхаіл Гарбачоў (у цэнтры) на Краснай плошчы ў Маскве 9 траўня 2019 года.
Фота: duma.gov.ru

У лістападзе таго ж года на форуме «Новая палітыка» ў Нямеччыне заявіў, што Пуцін цяпер лепш за ўсіх бароніць інтарэсы Расеі. У студзені 2015-га ў інтэрвʼю «Der Spiegel» былы генеральны сакратар КПСС засцерагаў, што напружанасць паміж Расеяй і краінамі Еўропы можа перарасці ў вялікі канфлікт і нават ядравую вайну.

Што былы і адзіны прэзідэнт Савецкага Саюзу думаў пра расейскае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года, цяжка сказаць. Толькі аднойчы, у ліпені, расейскія СМІ працытавалі журналіста Аляксея Венедыктава, які казаў, што Гарбачоў засмучаны расейска-ўкраінскім канфліктам.

Міхаіл Гарбачоў памёр 30 жніўня на 92-м годзе жыцця ў маскоўскім Цэнтральным клінічным шпіталі, дзе быў з пачатку 2020-га пад сталым назіраннем дактароў. Як пішуць расейскія выданні, памёр экс-кіраўнік СССР не ад каронавіруса. Згодна з запаветам палітыка, яго пахаваюць на могілках «Новодевичье» ў Маскве недалёка ад магілы ягонай жонкі Раісы Гарбачовай, якую перажыў на 23 гады.

Hавiны
Сышла эпоха. За няпоўныя чатыры месяцы не стала Шушкевіча, Краўчука, Бурбуліса і Гарбачова
2022.08.31 12:05

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў