Польскія ўлады зняпраўдзілі чуткі пра закрыццё праграмы Каліноўскага для беларускіх студэнтаў


Сярод беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Польшчы, сталі распаўсюджвацца чуткі пра хуткае закрыццё праграмы Каліноўскага. Міністэрства адукацыі і навукі ў каментары «Белсату» гэтую інфармацыю зняпраўдзіла і запэўніла: цяпер стыпендыяльны праект прадоўжаны як мінімум да канца 2025 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшаўскі ўніверсітэт.
Фота: Uniwersytet Warszawski / uw.edu.pl

Чуткі пра закрыццё праграмы імя Кастуся Каліноўскага з’явіліся ў сувязі з затрымкамі стыпендыяў у студзені і лютым, пра што пісалі медыі.

Адукацыйны праект фінансуе польская дзяржава. Урад не плануе закрываць праграму, заявіла «Белсату» прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы Адрыянна Цалус-Поляк. Фінансаванне ўжо забяспечанае да канца 2025 года:

«23 снежня 2022 года міністр адукацыі і навукі даручыў Варшаўскаму ўніверсітэту рэалізаваць вышэйзгаданую праграму да 31 снежня 2025 года і забяспечыў фінансаванне на гэтую мэту. Дагэтуль даручэнні аб рэалізацыі ахоплівалі адзін каляндарны год, прычым штогод ухвалялася асобнае пагадненне».

Пры гэтым сёлета скончыцца трохгадовая адмысловая праграма ініцыятывы «Салідарныя з Беларуссю». Грошы на яе выдаткавалі з рэзерваў польскага бюджэту.

«Аб працягу гэтай праграмы можна будзе казаць толькі пасля таго, як Міністэрства замежных справаў абвесціць конкурс заявак на наступны трохгадовы перыяд фінансавання», – паведаміла Цалус-Поляк.

Агляд
«Адукацыя, не падобная да нашай савецка-наменклатурнай». Дзе беларусам вучыцца за мяжою
2023.05.30 09:00

Палітык Аляксандр Мілінкевіч, які ў 2006 годзе ініцыяваў стварэнне праграмы дапамогі рэпрэсаваным беларускім студэнтам, сказаў «Белсату», што не мае інфармацыі пра закрыццё праекту, аднак назваў малаверагодным тое, што польскія ўлады адмовяцца ад фінансавання:

«Я не веру, бо палітычна такі крок не адпавядае настроям ва ўрадзе».

Праграма дзяржаўных стыпендыяў імя Кастуся Каліноўскага разлічаная на беларусаў, якія былі рэпрэсаваныя або праз палітычныя погляды не могуць атрымаць вышэйшай адукацыі на радзіме. Праграма дазваляе бясплатна навучацца ў розных ВНУ па ўсёй Польшчы. Стыпендыя складае ад 1250 да 2400 злотых (у эквіваленце прыкладна ад 860 да 1660 рублёў). Сёлета дакументы на новы навучальны год прымалі да 15 траўня.

Агляд
Уступная кампанія 2023 года ў Беларусі. Колькі каго куды бяруць і што варта ведаць
2023.05.25 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў