У Беларусі збоі ў працы банкаўскіх картак


31 траўня адбываюцца масавыя збоі працы банкаўскіх картак у Беларусі. З раніцы з’явіліся масавыя паведамленні, што не праходзяць аплаты ў шэрагу крамаў, заправак, рэстарацыяў, а таксама ёсць праблемы са зняццем гатоўкі ў банкаматах.

Банкаўская картка ў тэрмінале. Фото depositphotos.com

Таксама паведамляюць, што ў менскім метро прыпыненая аплата праезду банкаўскімі карткамі ў сувязі з тэхнічнымі праблемамі банкаўскай сістэмы. У прэс-службе Менскага метрапалітэну патлумачылі, што карткамі пакуль немагчыма разлічыцца ў касах.

Паведамляюць аб праблемах у працы картак наступных банкаў: «БелВЭБ», «Альфа-Банк», «МТБанк», «Белінвестбанк», «Прыёрбанк», «БПС-Банк», «Беларусбанк».

У службе падтрымання «Альфа-Банку» сказалі, што праблемы пачаліся праз збоі ў «Банкаўскім працэсінгавым цэнтры».

«Банкаўскі працэсінгавы цэнтр» паведаміў аб «праблеме, звязанай з частковай непрацаздольнасцю праграмна-тэхнічнага комплексу». На яго сайце напісана, што «прыкладаюцца супольныя намаганні для аднаўлення сэрвісу ў максімальна кароткі тэрмін».

Hавiны
У беларускіх інтэрнэт-крамах сталі прымаць платы праз карты расейскай аплатнай сістэмы «Мір»
2022.04.06 23:42

Пазней у «Банкаўскім працэсінгавым цэнтры» далі больш разгорнуты каментар пра сённяшні збой у працы банкаўскіх картак.

«Прычыны цяпер не можам назваць. Магу прывесці вам аналогію. Часам ваш камп’ютар можа завісаць. Вы яго перазагружаеце. Але ці можаце вы назваць прычыну, чаму так здарылася? Не заўсёды. Аналагічна і тут. Мы планавыя работы праводзім рэгулярна, звычайна ў начны час. Пра гэта мы заўсёды загадзя папярэджваем, але часам бываюць збоі з прычынаў, ад нас не залежных, напрыклад, праз скачок электрычнасці», – паведамілі ў «Банкаўскім працэсінгавым цэнтры».

Ва ўстанове заявілі, што збой адбыўся не поўны, ён быў частковы.

«Альфа-Банк» і «Прыёрбанк» паведамілі, што аплата іх карткамі зноў праходзіць. «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр» скасаваў праблему.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў