«Памяць – не страказа ў бурштыне». Вольга Бубіч – пра сваю новую кнігу «Мастацтва (не) памятаць»


У свет выйшла фотакніга Вольгі Бубіч «Мастацтва (не) памятаць», зборнік партрэтаў і асабістых успамінаў беларускіх жанчын і ЛГБТК – прыемных і балючых, «пра тых, каго хочацца адчайна забыць, і тых, каго хочацца запомніць назаўсёды«. У гэтай працы фатограф даследуе праблему індывідуальнай і калектыўнай памяці, якая рэгулюецца не толькі натуральнымі механізмамі мозгу, але таксама ідэалогіямі і цэнзурай. Падчас працы над праектам аўтар выпадкова прачытала «Паліцыю памяці» японскай пісьменніцы Ёка Агавы (Yoko Ogawa, «The Memory Police»), героі якой жывуць ва ўмовах антыўтопіі, дзе людзей прымушаюць забываць як пэўныя прадметы, так і словы, якія іх абазначаюць. Сціранне ўспамінаў з кнігі Агавы нагадала даследчыцы сітуацыю ў Беларусі, дзе забароненымі становяцца нават спалучэнні колераў, а іх выкарыстанне – караецца. У гутарцы з «Белсатам» Вольга Бубіч распавядае пра тое, як выбірала герояў для кнігі, пра месцы, якія даюць беларусам сілу, і пра свой асабісты ідэальны ўспамін.

Вольга Бубіч здымала герояў кнігі «Мастацтва (не) памятаць» падчас відэазванку, калі тыя думалі аб двух асабістых успамінах – балючым і прыемным. Матэрыялы аўтара

– Кніга здаецца рэхам 2020 года, але ў ёй ёсць шмат гісторый, не звязаных з пратэстамі.

– Так, у тым ліку і таму, што мне не падабаецца ідэя адлічваць што-небудзь нейкімі кропкамі абнулення. Тое, што літаральна некалькі чалавек апісалі балючыя або рэсурсныя ўспаміны, звязаныя з тымі падзеямі, не значыць, што мы ўсе пачынаем адлік са жніўня 2020 году – у нас гэтых справаздач было вельмі шмат. Яшчэ дваццаць гадоў таму [Валянцін] Акудовіч пісаў пра абнуленне. Гэтага нуля не існуе, у кожнага ён свой. І рабіць праекты, падладжваючы іх пад актуальныя падзеі, выглядае як танны маркетынгавы ход. Гісторыя паказвае, што большасць трагічных рэчаў, якія людзі хочуць забыць, – гэта смерць блізкіх.

– Як ты выбірала герояў кнігі?

– Я пачала з тых, хто быў мне знаёмы, і, як мне падалося, хоча нешта расказаць. Пісала ім асабіста. Opencall на Фэйсбуку вырашыла не рабіць: у мяне 2000 сяброў, я падумала, што калі напішуць сто, будзе вельмі цяжка выбіраць.

Даведка
Ольга Бубич
Вольга Бубіч.
Фота: Андрэй Дубінін

У кнізе ёсць каля дзесяці чалавек, якіх я ніколі не бачыла ў жыцці сама. Гэта цікавы досвед – калі невядомы чалавек хоча падзяліцца тым, што хоча забыць – і распавядае вельмі цяжкія штукі.

Падчас прэзентацыі кнігі ў Вільні мяне спыталі як я сябе адчувала, калі трыццаць чалавек распавядаюць балючыя рэчы пра смерць, гвалт і г. д. Я падзякавала за пытанне, таму што большасць пытаецца, чаму няма мужчын. Сур’ёзна? Давайце паглядзім на фатаграфіі ўраду любой краіны і спытаем чаму там няма жанчын.

– Як ты сябе адчувала, слухаючы ўспаміны?

– Я пачала здымаць першых герояў у пачатку лютага 2021 года. Яшчэ было вельмі шмат надзеі, сіл, а ўспаміны пра летнія падзеі былі вельмі яркія. Падчас здымкаў адбываўся абмен энергіяй з героямі. Калі я адзняла дастатковую колькасць гераінь і вярнулася [са Швецыі] у Менск, то вырашыла, што гэта будзе фотакніга. Я знайшла дызайнера, Юлю Цімашову, і пачала думаць, што далей з гэтым рабіць. Мы вырашылі, што герояў трэба больш, каб у кніжцы была выбарка, а не ўсе запар, каго мы знялі. У траўні я працягнула здымаць. Цікава было, што зімовыя фатаграфіі атрымаліся сінія, але эмоцыі на іх былі глыбокія і спакойныя. Вясновыя здымкі былі цёплыя, пясочныя, але ў іх было шмат слёз, адчаю. Дзяўчына [падчас інтэрв’ю] кажа: «Усё ў парадку, я ўвесь час плачу». І я зразумела: усё, стоп, я больш не магу.

– Як ты тлумачыла героям, навошта ты робіш кнігу?

– Казала, што ў мяне ёсць жаданне паспрабаваць даследаваць успаміны людзей. Нават не столькі ўспаміны, колькі працэс забывання і само жаданне забыцца ці памятаць, зменлівасць успаміну як такога.

Гэтая тэма хвалявала мяне вельмі даўно, з моманту маёй цікавасці да фатаграфіі, якая напрамую звязаная з нашым жаданнем памятаць, замарозіць нешта. Мяне цікавіць ідэя памяці, нашых стэрэатыпаў і ўяўленняў пра яе як пра страказу, якая закансерваваная ў бурштыне, такую нязменную. На самай справе гэта абсалютна не так: усё пластычна, змяняецца і ператасоўваецца.

Фрагмент кнігі «Мастацтва (не) памятаць» Вольгі Бубіч. Матэрыялы аўтара

Сам праект пачаўся з таго, што я выканала мару Вірджыніі Вульф, і правяла два месяцы ў Швецыі ў рамках мастацкай рэзідэнцыі Konstepidemin, у «пакоі з выглядам», неабцяжараная ніякімі фінансавымі пытаннямі, і атрымала нарэшце магчымасць звярнуцца да творчай часткі свайго жыцця, што на той момант мне падалося цікавым, цікаўным, важным.

У працы з героямі я прасіла выбраць два ўспаміны, і далей я выключыла ў сабе журналіста: проста папрасіла чалавека расказаць, не задавала ніякіх дадатковых пытанняў, каб у героя была свабода – ці будзе гэта адзін сказ, адно слова, абзац або гісторыя на тры старонкі пра ідэальна пражыты дзень.

– Як гэта – стаць на два месяцы мастачкай?

– Быць мастачкай, пісьменніцай, кімсьці больш крэатыўным, чым у звычайным жыцці, калі трэба зарабляць, і, пастаянна купляючы цікавыя кніжкі з матэрыяламі пра памяць, адкладаць іх з думкай, што калі-небудзь я іх дачытаю, – добра і прыемна.

– На прэзентацыях кнігі ты ўспамінаеш пра антыўтопію Ёка Агавы «Паліцыя памяці» і спробы чалавецтва перапісаць гісторыю. Якую ролю ў супрацьдзеянні цэнзуры адыгрывае твая кніга?

– Успаміны – гэта нешта выключна нашае, асабістыя пакоі, у якіх нешта адбываецца. Як паказваюць даследаванні псіхолагаў, кожны з нашых успамінаў на працягу года на 50 адсоткаў трансфармуецца. Чым больш мы звяртаемся да каханага ўспаміну з дзяцінства, чым больш у яго «падарожнічаем», тым больш яно мяняецца, і, хутчэй за ўсё, яно ўжо няпраўда. Калі б была магчымасць вярнуцца на машыне часу ў нашыя ўспаміны да шасці гадоў, мы б іх там не знайшлі: магчыма, нам распавялі гэта бацькі альбо гэта здарылася з іншым чалавекам, а мы потым пачалі пераносіць гэта на сябе.

Адзін з разваротаў кнігі «Мастацтва (не) памятаць» Вольгі Бубіч. Матэрыял прадастаўлены аўтарам

І калі палова ўспамінаў змяняюцца самі па сабе, а астатняе спрабуюць кантраляваць звонку, то што, па вялікім рахунку, застанецца ад чалавека?

Калі мы прагаворваем нашыя ўспаміны аб падзеях у Беларусі, то робім акцэнт на станоўчым і важным вопыце – салідарнасці, падтрымцы незнаёмых людзей і гэтак далей. З аднаго боку, кніжка – спроба вывучыць працэсы забывання і запамінання, з іншага – сабраць гісторыі і не дазволіць ідэалагічным механізмам і рэпрэсіям перашкодзіць людзям памятаць добрае.

– Якія свае ўспаміны ты б уключыла ў кнігу?

– Пра гэта пытаюцца на кожнай прэзентацыі. У мяне ёсць зусім банальны ўспамін, які я трымаю побач. Праз тое, што я да яго часта звяртаюся, ён, напэўна, ужо памяняўся. Гэта звычайны вечар у Адэсе з сябрамі на пляжы, з морам, з небам. Трохі нагадвае вожыка і медзведзяня, калі медзведзяня распавядае нешта пра малінавае варэнне, а вожык – «дзесьці там», прысутнічае, усведамляе «тут і цяпер», але нават не ўключаецца ў дыялог. У мяне нешта падобнае: сябры размаўляюць побач, а ў мяне ўключаецца хваля «я ёсць» на фоне прыроды і космасу.

Фрагмент кнігі «Мастацтва (не) памятаць» Вольгі Бубіч. Матэрыялы аўтара

Я правяла дыскурс-аналіз тэкстаў і зразумела, што для беларусаў вельмі важнае месца, дзе адбываецца рэсурсны ўспамін: прырода, лес, мора, возера, вада. Мы як быццам уключаныя ў паганскія сілы вакол – і я не выключэнне.

Успамінаў, на якія я б хацела забыцца, у мяне занадта шмат. Я была б чалавекам, які не ўдзельнічаў у такім праекце і не дзяліўся з усім светам гэтымі ўспамінамі. Гэта мае цёмныя пакоі.

Мне блізкі ўспамін адной з маіх гераінь, якая распавяла, як яна прачнулася ноччу ўдома, ёй захацелася папіць вады, яна пайшла на кухню і раптам адчула, што яна жывая, што Космас побач і яна адна сам-насам з гэтым усім.

Запісаў Дзяніс Дзюба /ІР

Стужка навінаў