ЕЗ дамовіўся наконт санкцыяў адносна расейскай нафты. Да канца года пастаўкі маюць скараціцца на 90 %


Кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль паведаміў, што лідары краінаў Еўразвязу дамовіліся пра частковую забарону на імпарт расейскай нафты ды іншыя абмежаванні ў межах шостага пакету санкцыяў супраць Расеі. Гаворка ідзе пра частковае эмбарга нафты, скарачэнне імпарту выкапнёвых энерганосьбітаў і адключэнне «Сбербанку» ад SWIFT.

Кіраўнік Рады Еўропы Шарль Мішэль.
Фота: consilium.europa.eu

Еўрачыноўнік паведаміў, што адбыўся яшчэ адзін раўнд перамоваў адносна санкцыяў ЕЗ супраць Расеі. Гэтым разам краіны дасягнулі прынцыповай згоды. Паводле новых дамоўленасцяў Еўразвяз забароніць завоз каля 2/3 расейскай нафты, што ён купляў.

Шарль Мішэль мяркуе, што такія захады паўплываюць на РФ і скароцяць эканамічны патэнцыял для вядзення вайны.

Таксама было абвешчана, што ў шостым пакеце санкцыяў будзе адключэнне ад SWIFT найбуйнейшага расейскага банку «Сбербанк», асабістыя санкцыі супраць адказных за ваенныя злачынствы ва Украіне, забарона трансляцыі ў ЕЗ яшчэ 3 расейскіх дзяржаўных каналаў.

Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што вітае пастанову аб частковым эмбарга. Яна мяркуе, што гэты крок прывядзе да скарачэння імпарту расейскай нафты ў Еўропу на 90 %. Паводле чыноўніцы, ЕЗ узяла ўпэўнены курс скончыць з энергетычнай залежнасцю ад Расеі.

Нагадаем, што ў траўні шэраг краінаў ЕЗ уносіў на абмеркаванне прапановы пра поўнае эмбарга на расейскую нафту і газ. Дзякуючы Вугоршчыне, улады якой прынцыпова выказваліся супраць такіх крокаў, Еўразвяз выпрацаваў кампрамісную пастанову.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў