EPAM сабраўся скараціць вытворчы штат у Беларусі, Украіне і Расеі на 15 тысяч чалавек


Без уліку Расеі, толькі ў Беларусі і Украіне, штат скароцяць на 6 тысяч чалавек. А з Расеі, дзе на EPAM працавалі 9 тысяч вытворчых спецыялістаў, кампанія цалкам сыходзіць.

Офіс EPAM.
Фота: belmir.by

Прэзідэнт і галоўны выканаўчы дырэктар IT-кампаніі EPAM Аркадзь Добкін падчас штоквартальнай размовы з інвестарамі расказаў аб планах рэлакацыі і скарачэння супрацоўнікаў: да канца 2022 года вытворчы штат у рэгіёне скароцяць з 60 % да 30 % агульных вытворчых магутнасцяў кампаніі. Партал Dev.by падлічыў, што гэта значыць у колькасці працаўнікоў.

У канцы 2021 года агулам у офісах EPAM працавалі 58,8 тысячы чалавек, з іх 52 617 былі вытворчымі спецыялістамі (тымі, хто працуе над уласна IT-праектамі, у тым ліку бізнес-аналітыкі, менеджары, дызайнеры і іншыя). Гэта значыць, да канца 2022 года ў Беларусі і Украіне застануцца каля 15,8 тысяч чалавек. Расейскі офіс мае спыніць сваю працу гэтым летам, адтуль сыдуць амаль 9 тысяч вытворчых спецыялістаў, а з беларускіх і ўкраінскіх офісаў – не менш за 6 тысяч. Магчыма, і больш, бо за першы квартал 2022 года EPAM мог наняць дадатковых тэхнічных спецыялістаў у рэгіёне (агульная колькасць працаўнікоў за квартал вырасла з 58,8 да 61,6 тысячы чалавек).

Скарачэнне штату не азначае звальненне – імаверна, гэта значыць рэлакацыю значнай часткі спецыялістаў. Добкін казаў, што адна з ключавых краінаў для рэлакацыі гэта Польшча, але таксама рэлакацыя ідзе ў Турэччыну, Сербію, краіны Цэнтральнай Азіі, Злучаныя Штаты і Канаду.

Абноўлена
У Беларусі замарозілі $ 30 млн «EPAM Systems» і арыштавалі камерцыйнага дырэктара «Silver Screen»
2022.05.26 11:23

АА belsat.eu

Стужка навінаў