Беларускія сілавікі запэўнівалі Украіну, што нападу з боку Беларусі не будзе, за дзень да нападу


Ранкам 24 лютага расейскія войскі ўвайшлі ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Украіна такога не чакала.

Аляксей Данілаў.
Фота: BBC News Русская служба

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў расказаў у інтэрв’ю «Укрінформ» аб тым, чаму Украіна не чакала нападу з боку Беларусі.

«За два дні да вайны наш міністр абароны размаўляў з міністрам абароны Беларусі. І яны запэўнілі, што ні ў якім разе гэтага не будзе, – згадаў Данілаў – Наш галоўны памежнік за дзень гутарыў з галоўным памежнікам Беларусі. Ён кажа: нават не думайце сабе, што мы будзем у гэтым браць удзел, што з нашай тэрыторыі на вас хтосьці пойдзе. Але яны пайшлі не толькі з гэтага боку, яны пайшлі па ўсёй мяжы».

Паводле яго, Украіна напраўду лічыла, што нападу з боку Беларусі не будзе, але ён адбыўся і з поўначы, і з усходу, і з поўдня. Пры тым Данілаў адмаўляе, што Украіна не была гатовая: заяўляе, што «мы падрыхтаваліся максімальна для таго, каб чыніць супраціў ворагу».

У першы ж дзень нападу расейскія войскі дэсантаваліся пад Кіевам і пачалі абстрэлы беларускай сталіцы, захапілі Чарнобыльскую АЭС, выйшлі да Чарнігава. Аднак спроба ўзяць украінскую сталіцу правалілася, у красавіку Расея адвяла войскі з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей.

Канстытуцыя Беларусі на момант пачатку нападу з беларускіх земляў замацоўвала нейтралітэт як мэту, а ўжо 27 лютага ўлады правялі рэферэндум, па выніках якога з Канстытуцыі прыбралі пункт аб нейтралітэце, але наўпрост прапісалі: «Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў». Аднак ваенная агрэсія з беларускай тэрыторыі не спынілася нават тады, калі стала забароненая наўпрост у Канстытуцыі.

Аналітыка
Зігзагі дыктатуры. Як змянялася рыторыка Лукашэнкі падчас расейска-ўкраінскага канфлікту
2022.05.02 16:31

У апошнія тыдні перад поўнамаштабнай вайной Аляксандр Лукашэнка актыўна інспектаваў вайсковыя абʼекты, вінаваціў украінскае кіраўніцтва ў непрадказальнасці і неадэкватнасці, паўтараў клішэ расейскай прапаганды пра «нацыялістаў-радыкалаў» і «фашыстаў» у Кіеве. Ён выступаў за нанясенне ракетных «і не толькі» ўдараў па Украіне.

11 сакавіка Аляксандр Лукашэнка абяцаў «паказаць, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад» з боку Украіны, аднак дагэтуль не паказаў.

Фота
А заўтра пачалася вайна… Як выглядаў Кіеў у апошні дзень перад нападам Расеі
2022.02.24 09:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў