Праваабаронца пра «пінскую справу – 2»: Людзі абураныя, напружанне нарастае


У Маскоўскім раёне Берасця 31 траўня суддзя Вера Філонік пачала працэс над другою групаю людзей у «пінскай справе».

Гэтым разам судзяць 11 асобаў. Гэта Леанід Германовіч, Аляксандр Лапух, Андрэй Моцук, Сяргей Цібец, Андрэй Хвескавец, Аляксандр Шандыба, Аляксандр і Сяргей Шаламіцкія, Сяргей Волкаў, Валянцін Колб, Ілля Бохан. У спісах падсудных фігураваў Уладзімір Хаміцевіч, алё на судовы працэс ён не з’явіўся.

У гэтай групе адныя мужчыны, самы старэйшы – Валянцін Колб, яму 54. А самы малодшы – Ілля Бохан, яму некалькі тыдняў таму споўнілася 18. Паўнагоддзе ён сустрэў у СІЗА.

На жаль, ні адна група не абыходзіцца без «сямейных» судоў. У жыхара Пінску Міхаіла Шаламіцкага судзяць роднага брата Сяргея (51 год) і сына Аляксандра (яму 18 гадоў).

Родных абвінавачаных пускаюць у судовую залу паводле спісаў, па два чалавекі на аднаго падсуднага.
Фота: Белсат

Пінчукоў судзяць за пратэсты 9-10 жніўня 2020 года ў іхным родным горадзе, усіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ). Увечары 9 жніўня пінчукі, якія хацелі даведацца вынікі выбараў, сабраліся каля мясцовага райвыканкаму. Там адбылася сутычка з міліцыянтамі: людзі пачалі бараніцца ад нападаў сілавікоў.

Вырак першым 14 асобам агучылі 30 красавіка, тады Яўген Брэган прысудзіў:

  • Сяргею Маўшуку і Аляксандру Цярэшку – 6,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гуньку, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • шматдзетнай маці Алене Маўшук – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;
  • Дэвіду Масціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шалямету – 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

– У нас другая група людзей, абвінавачанне смяхотнае. Магу выказаць здагадку, што тэрміны зноў будуць жахлівыя і не адпаведныя працэсу. Сваякі гэтым разам ілюзіяў не маюць, усе ў чаканні, – сказала ў размове з «Белсатам» праваабаронца Вераніка Іванова.

Праваабаронца Вераніка Іванова.
Фота: Белсат

Паводле яе, абвінавачанні для новай групы «прыцягнутыя за вушы», і раней за падобныя дзеянні людзей бы не пераследавалі:

– Гэтая група ад першай адрозніваецца малазначнасцю дзеяў. Калі ў першай групе былі людзі, якія бралі ў рукі рэйкі ад лавак або брук, то тут гаворка пра распырскванне мінеральнай вады і выдраныя кветкі, пра паднятую бляшанку. Гэтыя абвінавачанні ў былыя часы не пацягнулі б нават на адміністратыўны арышт.

«Пінская справа» падзяліла жыхароў гораду на два лагеры, і ў будучыні гэта можа прывесці да вельмі сумных наступстваў, разважае Вераніка Іванова:

– У Пінску людзі абураныя. Яны думалі, што справу закрыюць ці перакваліфікуюць, але цяпер напружанне нарастае. Ідзе адчужэнне ад тых, хто звязаны з органамі ўнутраных справаў, нават разбураныя некаторыя сямейныя сувязі, ідзе грамадзянскае – яшчэ пакуль пасіўнае – непадпарадкаванне шмат у чым. Тое, што цяпер адбываецца ў судах, можа падрыхтаваць глебу да грамадзянскай вайны.

Гісторыі
«Скажы сыну, што я не злодзей, не забойца, а сяджу за праўду». Размова з жонкаю Сяргея Ляжэнкі, фігуранта «пінскай справы»
2021.04.30 08:00
Гісторыі
«Паклалі на падлогу, і кожны, хто праходзіў побач, біў нагамі». Як катавалі і судзілі 19-гадовага пінчука
2021.05.17 12:56
Гісторыі
«Як ім дараваць скрадзеныя гады і асірацелых дзяцей?» Гутарка з сястрой асуджанага ў «пінскай справе»
2021.05.07 08:42
Hавiны
Праваабаронца з Пінску: Яны хацелі застрашыць, але атрымаюць раззлаваных людзей
2021.04.30 16:01

 

АС, belsat.eu

Стужка навінаў