У Расеі выключаюць магчымасць экстрадыцыі тэрарыстаў у Беларусь


Кіраўнік камітэту Савету Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве Андрэй Клішас выключае магчымасць экстрадыцыі тэрарыстаў, якія напалі на «Крокус», у Беларусь.

Канцэртная заля «Крокус Сіці Хол» пасля тэракту. Скрыншот з відэа sledcom.ru

«Расея – суверэнная дзяржава, і ажыццяўляе ў межах сваёй тэрыторыі ўсю паўнату дзяржаўнай улады, у тым ліку і правасуддзе. Трэба ўсім з павагай ставіцца да расейскай прававой сістэмы, у тым ліку да судовай улады. Тэрарыстаў павінны судзіць у Расеі па законах Расейскай Федэрацыі», – прыводзіць яго словы «Уздым».

Намеснік старшыні камітэту ГД па дзяржбудаўніцтве і заканадаўстве Юрый Сінельшчыкаў, у сваю чаргу, заявіў, што экстрадаваць тэрарыстаў немагчыма без іх жадання, піша рэсурс.

«У нас у Канстытуцыі ёсць палажэнне аб тым, што абвінавачаны мае права патрабаваць, каб яго справу разглядаў той суд, да падсуднасці якога яно адносіцца. Можа быць падсуднасць дзвюх краін, але калі да падсуднасці расейскага суда ставіцца, значыць абвінавачаны мае права патрабаваць тут разглядаць», – сказаў ён.

Нагадаем, днямі ідэю аб магчымасці пакараць смерцю абвінавачаных у тэракце ў расейскім «Крокусе» у Беларусі агучыла дэпутат расейскай Дзярждумы Марыя Буціна. Паводле яе слоў, такое магчыма, бо ў тэракце загінулі і грамадзяне Беларусі.

У Расеі мараторый на пакаранне смерцю дзейнічае з 1997 года. У Беларусі смяротная кара прымяняецца за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых абставінах.

Тэракт у канцэртнай зале Crocus City Hall у Падмаскоўі адбыўся 22 сакавіка. Загінула больш за 140 чалавек, у тым ліку тры беларусы. Расейскія ўлады заявілі, што выканаўцы тэракту – чацвёра грамадзян Таджыкістану, але ў справе нібыта ёсць «украінскі след». Па справе затрымана дзевяць абвінавачаных, яны адпраўлены пад варту.

Hавiны
За «няправільныя» каментары наконт тэракту ў «Крокусе» затрымалі ўжо мінімум 12 беларусаў
2024.03.31 14:55

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў