Сілавікі пад Бабруйскам адкрылі агонь па «рэйкавых партызанах»


Суполка чыгуначнікаў @belzhd_live паведамляе, што 30 сакавіка ўначы пад Бабруйскам патруль сілавікоў адкрыў агонь па партызанах, якія ўскрылі рэлейную шафу. У выніку страляніны ніхто не пацярпеў.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: АВ / Белсат

Уначы 30 сакавіка 2022 года на перагоне Савічы-Бярэзіна (участак Асіповічы-Гомель), паблізу прыпыначнага пункта Бабіна «рэйкавыя партызаны» вырашылі знішчыць рэлейныя шафы, паведамляе belzhd_live. Адну з шафаў паспелі падпаліць, але ў гэты час у лесапаласе знаходзілася патрульная група з Унутраных войскаў.

Патрульныя распачалі страляць з баявой зброі па «партызанах». Куды патрульныя цэліліся, невядома, але партызанам удалося ўцячы ад пераследу. У выніку страляніны ніхто не пацярпеў.

На працягу апошняга тыдня ў Беларусі сілавікі затрымалі больш як 30 працаўнікоў Беларускай чыгункі. Затрыманні сталі адказам на «рэйкавую вайну», якая развярнулася ў краіне ў адказ на суўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

З 19 сакавіка спецназ унутраных войскаў в/ч 3214 задзейнічаюць для дапамогі ў кантраляванні чыгуначных шляхоў і інфраструктуры беларускай чыгункі. Прычым вайскоўцы кантралююць тыя ўчасткі, па якіх перавозяць расейскую зброю для вайны супраць Украіны.

Hавiны
У Беларусі за «рэйкавую вайну» затрымалі больш як 30 чыгуначнікаў
2022.03.30 23:16

ЛК belsat.eu

Стужка навінаў