Прадстаўнікам Саюзу палякаў у Беларусі выставяць абвінавачанні


Паводле інфармацыі belsat.eu, у чацвер і пятніцу будуць выстаўленыя абвінавачанні чацвярым затрыманым прадстаўнікам Саюзу палякаў у Беларусі – Анджэліцы Борыс, Анджэю Пачобуту, Ірэне Бярнацкай і Марыі Цішкоўскай.

На мінулым тыдні Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс ды іншых чальцоў арганізацыі. 25 сакавіка ў некаторых сябраў Саюзу палякаў адбыліся ператрусы, таксама сілавікі прыйшлі ў польскую грамадскую школу і сядзібу Саюзу палякаў у Горадні. Гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, дырэктарку грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыю Цішкоўскую і кіраўніцу лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэну Бярнацкую затрымалі ў межах крымінальнай справы.

Прадстаўнікоў Саюзу палякаў абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму і апраўданні генацыду беларускага народу паводле ч. 3 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці праз прыкмету нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ды іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама праз рэабілітацыю нацызму, учыненыя групай асобаў»). Фармальнай падставаю для пераследу сталі гістарычныя і культурніцкія імпрэзы.

Раней, на пачатку сакавіка, затрымалі кіраўнікоў Польскай школы ў Берасці.

Аб’ектыў
Улады Беларусі атакуюць саюз палякаў
2021.03.25 22:04

Афіцыйная Варшава асудзіла рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў у Беларусі. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, заявіўшы, што «рэжым у Менску атакуе польскую меншасць з палітычных матываў як чальцоў беларускага грамадства, звязаных з трансатлантычнымі дэмакратычнымі інстытуцыямі». Ён заклікаў ЗША як краіну, што старшынюе ў Радзе Бяспекі ААН, тэрмінова звярнуць увагу на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, пераслед яе грамадзянскай супольнасці, улучна з польскай меншасцю, і разгледзець гэтае пытанне на адным з найбліжэйшых пасяджэнняў Рады Бяспекі ААН.

Hавiны
Прэзідэнт Польшчы шукае міжнароднага падтрымання для абароны польскай меншасці ў Беларусі
2021.03.29 11:59

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў