СК распавёў пра крымінальную справу за «спробу сарваць рэферэндум»


Следчы камітэт паведаміў аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы «ў дачыненні распрацоўнікаў і ідэйных натхняльнікаў злачыннага плану» для «зрыву рэферэндуму 2022 года».

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Агітацыя перад «рэферэндумам» 27 лютага 2022 года. Менск, Беларусь. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Алене Жываглод, Аляксандру Дабравольскаму, Паўлу Ліберу і Паўлу Марынічу (усе яны цяпер за межамі Беларусі) выстаўленыя абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 191 («Перашкаджэнне працы ЦВК») Крымінальнага кодэксу. Справа перададзеная генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.

Згодна з прэс-рэлізам СК, у 2022 годзе «беглымі экстрэмістамі пад патранажам заходніх куратараў быў распрацаваны адзіны план аказання незаконнага ўплыву на чальцоў выбарчых камісіяў». Сярод іншага, план прадугледжваў накіраванне па месцы працы і жыхарства сяброў ЦВК і камісіяў па рэферэндуме лістоў з загадзя распрацаваным тэкстам, дзе гаварылася, што яны могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за парушэнне закону.

Як сцвярджаюць у СК, на першапачатковым этапе праваахоўнымі органамі спыненая дзейнасць сямі асобаў. У 2022 годзе яны асуджаныя да пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 3 гадоў.

Праваабаронцы раней паведамлялі пра прысуды беларусам, якія дасылалі лісты чальцам выбарчых камісіяў з заклікам сумленна лічыць галасы.

Гэтак, у жніўні 2022 года 18-гадовага берасцейца Рамана Карпука пакаралі 3 гадамі калоніі паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэксу за тое, што ён даслаў 99 лістоў чальцам камісіяў для рэферэндуму ад імя «палітычных» суддзяў. У тэксце лістоў былі заклікі падлічваць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках, а таксама падаваўся пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу з адказнасцю для фальсіфікатараў. «Я хацеў, каб рэферэндум прайшоў справядліва і паводле закону. Спадзяваўся, што зварот да чальцоў камісіяў гэтаму паспрыяе», – тлумачыў на судзе Карпук.

У верасні 2022 года жыхары Менску Аляксей Хількевіч і Раман Лабанаў таксама атрымалі 3 гады пазбаўлення волі кожны за рассылку лістоў выбарчым камісіям з заклікам лічыць галасы сумленна.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў