Улады ахвяруюць прадпрымальнікамі і спажыўцамі дзеля выканання прагнозу інфляцыі


Па выніках мінулага года гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 12,8 %. Сёлета ўрад запланаваў рост цэнаў у межах 7–8 %. Экспертка ў размове з «Белсатам» кажа, што ўлады будуць імкнуцца выканаць гэты план, нават насуперак інтарэсам бізнесоўцаў і спажыўцоў і за іхны кошт. Пры гэтым аналітыкі сыходзяцца ў меркаванні, што ў другой палове года стрымаць цэны будзе складана.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Эксперты Еўразійскага банку развіцця прагназуюць, што цягам года тэмпы інфляцыі будуць адрознівацца. Увесну магчымы невялікі рост цэнаў, улетку варта чакаць запавольвання, а вось у другой палове года інфляцыйныя працэсы паскорацца.

У любым выпадку цалкам стрымаць інфляцыю ў Беларусі немагчыма, кажа старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

«Мараторый на рост коштаў у Беларусі быў адносна кароткатэрміновым. Улады з кастрычніка мінулага года ўвялі правілы цэнаўтварэння, таму цяпер дзее даволі жорсткае рэгуляванне на рост коштаў. Імпарцёры павінныя абгрунтаваць, чаму яны павышаюць кошты. Тым не менш, кошты будуць расці ў гэтым годзе. У прагнозных паказніках улады прадугледжваюць інфляцыю памерам 7–8 %», – кажа эканамістка.

Агляд
Нацбанк даў справаздачы за 2022 год. Што там са стабільнасцю?
2023.01.30 07:00

Што да сезоннасці, то, паводле Настассі Лузгіной, можна чакаць, што жорсткае рэгуляванне цэнаў і адносна нізкі на сённяшні дзень унутраны попыт будуць стрымліваць інфляцыю. Таксама на яе ў нашай краіне будзе ўплываць і дынаміка цэнаў на імпартныя тавары. Гэта значыць, што калі за мяжой тавары даражэюць павольней, то і імпарт у Беларусі таксама. Вядома, уплываюць на сітуацыю і цэны на энергарэсурсы. Пакуль для нашай краіны яны даволі спрыяльныя, кажа экспертка. Да лета інфляцыя традыцыйна запавольваецца. Значна таннее садавіна і гародніна, летам меншыя выдаткі на камунальныя паслугі. Усё гэта мае пэўнае дэзынфляцыйнае ўздзеянне. Таму першая палова года можа характарызавацца даволі слабым ростам цэнаў.

«А вось у другой палове года, пасля чэрвеня-ліпеня, магчымае ўзмацненне інфляцыйнай дынамікі. Гэта магчыма ў тым ліку за кошт росту ўнутранага попыту. Будуць расці заробкі, да таго ж улады будуць намагацца стымуляваць эканамічны рост за кошт інвестыцыяў. Да гэтага магчымае ажыўленне ў плане крэдытавання, стаўкі стануць больш прыемнымі», – тлумачыць Настасся Лузгіна.

Паводле эксперткі, гэта адбудзецца не за адзін момант, а расцягнецца ў часе. У выніку гэтыя фактары могуць прывесці ў тым ліку да росту попыту на імпартныя тавары. Тут узнікае пытанне: а як на гэта будзе рэагаваць дзяржава?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, інфляцыя ў Беларусі ў 2023 годзе можа дасягнуць і двухзначнай лічбы, як і летась. Эканамісты Міжнароднага валютнага фонду прагназуюць яе на ўзроўні 13,1 %, Сусветны банк – у межах 11,9 %. Эксперты Еўразійскага банку развіцця і суразмоўца «Белсату» мяркуюць, што па выніках 2023 года інфляцыя будзе ў межах запланаваных урадам паказнікаў.

«Мне падаецца, што калі ўлады пабачаць, што інфляцыя можа быць большай, чым у межах запланаваных 7–8 %, то яны будуць тармазіць рост коштаў інструментамі рэгулявання. Гэта механізмы цалкам ручнога кіравання, чыноўнікі на месцах вырашаюць, дазваляць рост коштаў або не. Ці прымуць яны абгрунтаванне на рост коштаў, ці не, паколькі да гэтага можна падыходзіць даволі суб’ектыўна. Таму мне падаецца, што яны будуць жорстка прыпыняць інфляцыю», – кажа Настасся Лузгіна.

Аналітыка
Цэны рэгулююцца, але ўсё адно растуць. Чаму ў Беларусі зноў павялічылася інфляцыя
2023.01.13 08:00

Суразмоўца «Белсату» звяртае ўвагу, што ў выніку гэта створыць праблемы для бізнесу, які будзе вымушаны шукаць розныя шляхі, у тым ліку скарачаць выручку, прапаноўваючы менш тавараў. Гэта створыць цяжкасці і для спажыўцоў. Людзі могуць застацца без неабходных якасных тавараў.

На фоне росту спажывецкага попыту рэгуляваць цэны будзе складаней, кажа Настасся Лузгіна.

«Я думаю, што ўлады будуць арыентавацца менавіта на прагнозныя паказнікі. Калі казаць пра прыярытэты чыноўнікаў, то яны потым патлумачаць, што рэгуляванне коштаў, нягледзячы на праблемы, будзе падавацца як карысная палітыка для спажыўцоў», – звяртае ўвагу экспертка.

У выніку найбольш ад такой палітыкі пацярпяць людзі з сярэднім і вышэйшым узроўнем заробкаў, спажывецкі кошык у якіх крыху іншы, чым у сярэднестатыстычнага спажыўца, кажа эканамістка.

Hавiны
«Нашы грошы»: Улады вырашылі сур’ёзна падпампаваць эканоміку грашыма
2023.01.13 20:03

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў