«Рэспубліка Палессе», адказ Захаду і расейская дапамога для ЛДНР. Хронікі вайсковай эскалацыі


Belsat.eu прапаноўвае агляд галоўных падзеяў, звязаных з крызісам вакол Украіны і пагрозай вялікай вайны ў Еўропе, за апошні тыдзень.

Беларусь

На мінулым тыдні стала вядома легенда вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022», якія маюць адбыцца 10-20 лютага. Гаворка ідзе пра мадэляванне гіпатэтычнага ваеннага канфлікту паміж Беларуссю і Расеяй з аднаго боку (у тэрміналогіі вучэнняў – гэта «Рэспубліка Палессе» і «Паўночная Федэрацыя») і краінаў NATO і Украіны з іншага («Нярыс», «Паморыя», «Клопія» і «рэспубліка Дняпровія»). Паводле легенды, праціўнік хоча зрынуць кіраўніцтва «рэспублікі Палессе» і патрабуе вызвалення палітвязняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Працягваецца перакідванне ў Беларусь расейскіх вайскоўцаў з Далёкага Усходу і іншых рэгіёнаў РФ пад выглядам вучэнняў. Цягам тыдня стала вядома пра з’яўленне ў Беларусі зенітна ракетна-гарматны дывізіёну «Панцыр-С», байцоў 98-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі (так званыя іванаўскія дэсантнікі), марскіх пяхотнікаў Ціхаакіянскага флоту і знішчальнікаў Су-35С. Пры гэтым колькасць расейскіх жаўнераў і тэхнікі, якія будуць перакінутыя ў Беларусь, дасюль не агучаная.

Аналітыка
Дзе і якія расейскія падраздзяленні заўважаныя ў Беларусі
2022.01.28 00:13

Зварот Аляксандра Лукашэнкі да Нацыянальнага сходу 28 студзеня быў перапоўнены рэзкай мілітарысцкай рыторыкай. Ён заявіў пра пагрозу новай сусветнай вайны, распавёў, што Польшча нібыта хоча захапіць усю Беларусь, прыгразіў краінам Балтыі стратай дзяржаўнасці і сказаў, што 1,5-2 мільёна беларусаў павінны ўмець карыстацца зброяй. Таксама ён паабяцаў вярнуць Украіну «ва ўлонне нашага славянства» і працытавай крылаты выраз «хочаш міру — рыхтуйся да вайны».

«Дык будзе вайна ці не? Так, яна будзе. Але толькі ў двух выпадках», – заявіў ён. Паводле Лукашэнкі, гэтыя два выпадкі – прамая агрэсія супраць Беларусі або супраць Расеі.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, каментуючы заявы Лукашэнка, выказаў шкадаванне, што «Беларусь усё больш раствараецца ў наратывах і замыслах Крамля, накіраваных супраць Украіны».

«Гэта не на карысць беларускаму суверэнітэту і дзяржаўнасці і, тым больш, сяброўству ўкраінскага і беларускага народаў», – падкрэсліў дыпламат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Аднак у цэлым прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў даволі асцярожна каментуюць паводзіны афіцыйнага Менску. Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў заявіў у інтэрв’ю LB.ua, што не бачыць пагрозаў ад беларускага народу, але праз супольныя расейска-беларускія вучэнні Украіна «абавязана ўважліва глядзець у бок мяжы». Ён таксама падкрэсліў, што для Украіны ўсходні напрамак застаецца больш небяспечным, чым мяжа з Беларуссю.

Расея

На мінулым тыдні ЗША і NATO перадалі Расеі афіцыйны адказ на яе патрабаванні наконт «гарантыяў бяспекі». Поўны тэкст адказу не апублікаваны, але з публічных заяваў заходніх палітыкаў вынікае, што ключавыя пункты ўльтыматуму Масквы былі адхіленыя. NATO не збіраецца адмаўляцца ад прынцыпу адчыненых дзвярэй і абмяжоўваць права суверэнных дзяржаваў вырашаць, ці далучацца ім да Альянсу. У NATO згодныя толькі на тое, каб арганізаваць прамую лінію сувязі з Расеяй і распачаць маштабны дыялог па кантролі за ўзбраеннямі. Генеральны сакратар Альянсу Енс Стольтэнбэрг таксама заклікаў Расею адмовіцца ад агрэсіўнай палітыкі і вывесці свае войскі з Грузіі, Украіны і Малдовы.

Міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў у сувязі з гэтым заявіў, што, калі спробы «дамовіцца аб узаемапрымальных прынцыпах забеспячэння бяспекі ў Еўропе не дадуць выніку, тады мы будзем прымаць меры ў адказ». Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што «калі гэта залежыць ад Расейскай Федэрацыі – вайны не будзе», але пры гэтым ён не выключыў, што «хтосьці хацеў бы справакаваць ваенныя дзеянні».

Пуцінская партыя «Адзіная Расея» ініцыявала зварот да Крамля з просьбай пачаць вайсковай прадукцыі баевікам ДНР і ЛНР і «распачаць усе неабходныя захады для гарантавання бяспекі грамадзянаў». Расея і так забяспечвае баевікоў Данбасу вайсковай прадукцыяй, але цяпер ідзе гаворка пра адкрытую падтрымку. Крэмль пакуль на гэтую ініцыятыву ніяк не адрэагаваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тактычнае вучэнне ў Варонежскай вобласці.
Фота: mod.mil.rus / Facebook

Акрамя таго, дэпутаты Дзяржаўнай Думы ад КПРФ падрыхтавалі праект звароту да Уладзіміра Пуціна з просьбай разглядзець пытанне аб прызнанні незалежнасці ДНР і ЛНР. Паводле «РИА Новости», дакумент можа быць ухвалены ў Дзярждуме 14 лютага.

Тым часам, амбасада РФ у ЗША абвінаваціла амерыканскі ўлады ў тым, што яны нібыта падбухторваюць Украіну на «сілавыя авантуры супраць жыхароў Данбасу». Пра пагрозу ваеннай аперацыі Украіны на Данбасе працягваюць казаць прадстаўнікі груповак ЛНР і ДНР. Раней у ЗША заяўлялі, што ў якасці падставы для маштабнага ўварвання Расея можа выкарыстаць правакацыю на Данбасе – напрыклад, сама атакаваць баевікоў ДНР ці ЛНР пад выглядам украінскіх вайскоўцаў.

Паводле ацэнак Мінабароны Украіны, агулам Расея сканцэнтравала на ўкраінскай мяжы больш за 130 тысяч вайскоўцаў.

Украіна

Украінскае кіраўніцтва ўсяляк спрабуе супакоіць грамадства і знізіць градус напружання. На прэс-канферэнцыі 28 студзеня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заклікаў сусветных лідараў і СМІ не нагнятаць паніку наконт вайны з Расеяй, бо гэта шкодзіць эканоміцы Украіны.

«Сёння мы не бачым большай эскалацыі, чым яна была раней», – падкрэсліў ён.

Зяленскі лічыць, што Захад перабольшвае пагрозу вялікай вайны. Ён назваў памылкай рашэнне ЗША і некаторых іншых заходніх краінаў эвакуяваць сем’і дыпламатаў з Кіева і падкрэсліў, што ўкраінскія адмыслоўцы ацэньваюць сітуацыю больш глыбока, чым заходнія. Праўда, усяго за некалькі дзён да гэтай прэс-канферэнцыі камандуючы Аперацыяй аб’яднаных сілаў Аляксандр Паўлюк заявіў, што, паводле аднаго са сцэнароў, Расея плануе ўварванне на 20 лютага, а сам Зяленскі нядаўна казаў пра пагрозу расейскага ўдару па Харкаву. МУС Украіны ў сваю чаргу абвесціла пра намер правесці вялікія вучэнні для цывільнага насельніцтва з акцэнтам на бяспеку абыходжання з выбухованебяспечнымі прадметамі.

Разам з тым у Кіеве пачынаюць усё больш раздражнёна рэагаваць на публікацыі заходніх медыяў наконт пагрозы вайны. Напрыклад, 29 студзеня агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, што Расея пачала дастаўляць да мяжы з Украінай запасы крыві і медыкаменты – гэта можа сведчыць пра тое, што Крэмль сапраўды рыхтуецца да ўварвання. Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр не проста зняпраўдзіла гэтыя звесткі, але і назвала публікацыю Reuters «элементам інфармацыйна-псіхалагічнай вайны» з мэтай пашырэння панікі і страху ў грамадстве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міністерство оборони України / Facebook

Кіраўнік прапрэзідэнцкай фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія адкрыта абвінаваціў ЗША і іншыя краіны ў тым, што яны «сеюць паніку» і назваў такія паводзіны «не сяброўскімі».

Тэлеканал CNN са спасылкай на ананімныя крыніцы паведаміў, падчас тэлефоннай размовы з Байдэнам 27 студзеня ўкраінскі прэзідэнт заклікаў амерыканскі бок «знізіць напружанне ў паведамленнях» і ў цэлым праз гэта іх перамовы прайшлі «не вельмі добра». Афіцыйны Кіеў і Вашынгтон інфармацыю CNN зняпраўдзілі. Аднак сам Зяленскі на прэс-канферэнцыі 28 студзеня дэ-факта прызнаў, што падчас размовы з Байдэнам яны абмяркоўвалі тэму нагнятання сітуацыі ў інфармацыйнай прасторы і гаворка ішла пра тое, што ў гэтым пытанні «палітыка павінна быць узважанай».

Захад

ЗША ініцыююць паседжанне Рады Бяспекі ААН, якое будзе прысвечана пагрозе нападу Расеі на Украіну. Амерыканскі бок лічыць, што дзеянні Расеі ўяўляюць сабой «відавочную пагрозу міжнароднаму міру, бяспецы і Статуту ААН».

Старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерал Марк Мілі заявіў, што Расея не канцэнтравала такой колькасці вайскоўцаў і тэхнікі на сваіх межах з часоў халоднай вайны. Мілі і міністр абароны ЗША Лойд Осцін лічаць, што вялікай вайны яшчэ можна пазбегнуць, аднак у выпадку, калі яна ўсё ж адбудзецца, то гэта можа прывесці да вялізарных чалавечых ахвяраў. «Гэта можа быць проста кашмарна. Можа быць жахліва», – цытуе заяву Мілі Бі-Бі-Сі. Осцін запэўніў, што ЗША гатовыя дапамагаць Украіне, у тым ліку пастаўкамі зброі.

Вашынгтон і Лондан лічаць, што імавернасць расейскага ўварвання вельмі высокая. Джо Байдэн паабяцаў, што амерыканскія вайскоўцы неўзабаве будуць перакінутыя ва Ўсходнюю Еўропу (як вядома, для гэтага Пентагон падрыхтаваў 8,5 тысяч жаўнераў). Брытанскі прэмʼер-міністр Борыс Джонсан паведаміў, што Лондан разглядае магчымасць удвая нарасціць колькасць сваіх войскаў, дыслакаваных ва Усходняй Еўропе. Але краіны NATO пры гэтым не плануюць накіроўваць сваіх вайскоўцаў непасрэдна на тэрыторыю Украіны ў выпадку расейскай агрэсіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: KK / Белсат

Паралельна заходнія краіны актыўна займаюцца распрацоўкай санкцыйных механізмаў ціску на Расею. Брытанскі парламент плануе разгледзіць законапраект, які дазволіць пашырыць спіс патэнцыйных мэтаў для санкцыяў. Міністарка замежных справаў Элізабэт Трас папярэдзіла, што любая кампанія, якая прадстаўляе цікавасць для Крамля і рэжыму ў Расеі, можа стаць мішэнню. У тым ліку яна не выключае, што можа быць арыштаваная нерухомасць расейскіх алігархаў у Лондане.

Сенатары ЗША 30 студзеня заявілі, што яны вельмі блізкія да дасягнення пагаднення наконт закону аб санкцыях супраць Расеі. Прычым некаторыя санкцыі, прадугледжаныя законапраектам, могуць быць уведзены яшчэ да ўварвання.

Hавiны
Новая дата нападу, расейскія марпехі ў Беларусі і ўзмацненне сілаў NATO. Хронікі вайсковай эскалацыі
2022.01.26 01:13

РР belsat.eu

Стужка навінаў