«Аператыўны псеўданім Бонд». Актывіст Павел Батуеў распавёў пра вярбоўку ў КДБ


Актывіст Павел Батуеў.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Актывіст з Салігорску Павел Батуеў, якому пагражала крымінальная справа, быў эвакуяваны з Беларусі сіламі BYSOL. У эфіры праграмы «Студыя Белсат» мужчына падзяліўся падрабязнасцямі свайго затрымання, а таксама расказаў пра ціск у няволі і падпісанні супрацы з КДБ.

Павел Батуеў быў затрыманы летась 23 лістапада каля дому, калі выйшаў забраць дачку з дзіцячага садка.

«Праз пару секундаў, пасля таго, як я выйшаў з пад’езду, на мяне напалі невядомыя. Мяне дастаткова жорстка затрымалі, нацягнулі шапку на галаву, закінулі ў бусік, дзе амаль адразу пачалі збіваць, пагражаць і патрабаваць пароль ад тэлефона і Telegram. Пагрозы, якія гучалі, праматывавалі мяне ўзгадаць усе паролі».

Паводле Паўла Батуева, фармальнай прычынай затрымання стаў несапраўдны дыплом аб вышэйшай адукацыі, але насамрэч супрацоўнікаў міліцыі цікавіў акаўнт у Telegram.

«Яны ведалі, што на маю замежную SIM-картку зарэгістраваны Telegram адной групы ў кантакце, якая прызнаная экстрэмісцкай, і іх вельмі цікавіла, каб гэтая група знікла. Уся наша гаворка ў той дзень у РАУС фактычна вялася аб грамадска-палітычнай актыўнасці, дыплом там асабліва нікога не цікавіў».

Тры дні мужчына правёў пад арыштам у рамках крымінальнай справы, але ў выніку быў двойчы асуджаны на 15 содняў па адміністратыўных пратаколах. Па словах Паўла Батуева, цягам другога тэрміну яго пачалі вербаваць у КДБ.

Артыкулы
Салігорскага актывіста Паўла Батуева эвакуявалі з Беларусі
2022.01.31 15:05

«Прыйшоў намеснік начальніка РАУС падпалкоўнік Канапацкі, пачаў мне распавядаць пра сям’ю, пра тое, што, магчыма, я іх не хутка пабачу, пра тое, што яны могуць завесці крымінальны артыкул. То бок пачалі абмалёўваць мае змрочныя перспектывы. І, маўляў, альтэрнатыва ўсяму гэтаму – мая сустрэча з супрацоўнікам КДБ».

У выніку ціску і пагрозаў Павел Батуеў быў вымушаны сустрэцца з супрацоўнікам КДБ і згадзіцца на супрацу.

«Ён дастаў ліст, я пачаў пісаць, што я там такі і такі абавязуюся супрацоўнічаць, захоўваць таямніцы, якія даведаюся, і прашу прызначыць мне аператыўны псеўданім. Вось на гэтым моманце я проста пачаў смяяцца, калі шчыра. І супрацоўнік КДБ сказаў: «Так, так, як у кіно». Я тады сказаў, што бачыў у кіно, што Джэймз Бонд ездзіць на Aston Martin, і спытаў, ці будзе ў мяне такая машына. На што супрацоўнік адказаў: «Не, але калі вы ўжо ўзгадалі Бонда, тады пішыце аператыўны псеўданім Бонд».

26 снежня 2021 года Паўла Батуева выпусцілі на волю, аднак ён не публічыў гэтую гісторыю, пакуль не пакінуў межы краіны.

«Апублічванне гэтай гісторыі лічу для сябе адзіным прымальным варыянтам развіцця падзеяў. Так, я пад ціскам абставінаў падпісаў гэтую паперчыну, але ніякага супрацоўніцтва не планаваў ад пачатку. Я на момант падпісання гэтых папераў цудоўна разумеў, што адзіны шанец захаваць сваё імя ад такога сумнеўнага супрацоўніцтва з карнымі органамі – агучыць гэты факт публічна. Тым самым я ў аднабаковым парадку дэнансую гэты дакумент».

Поўную размову з актывістам Паўлам Батуевым можна паглядзець тут:

ВК, Belsat.

 

Стужка навінаў