Абвясцілі прысуд у «справе размаляваных цюкоў»


Суд Стаўбцоўскага раёну 31 студзеня абвясціў прысуды ў «справе размаляваных цюкоў з саломай», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Супраць сямі палітвязняў, затрыманых 1 верасня мінулага года ў Дзяржынскім раёне, завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 («Хуліганства, здзейсненае групай асобаў»).

Размаляваныя цюкі 1 верасня. Скрыншот відэа МУС

Суддзя Вікторыя Суднік прызнала ўсіх вінаватымі і прызначыла Андрэю Арыку, Максіму Дубешку, Аляксандру Бабку, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюлі, Ігару Мысліўцу – 1 год калоніі кожнаму. Кацярыну Арыка асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі» і вызвалілі ў зале суда.

Згодна з версіяй абвінавачання, яны нанеслі фарбавальнікам чырвонага і чорнага колераў выявы рознага зместу на 82 упакоўкі сенажу, якія належаць ААТ«Крутагор’е-Петкавічы». Цюкі з сенажом у выніку парушэння тэхналогіі захоўвання прыйшлі ў непрыдатны стан і былі знішчаныя. Як сцвярджаецца, страты склалі 1,5 тыс. рублёў.

Двое абвінавачаных прапаноўвалі следчым цалкам выкупіць размаляваныя цюкі або адмыць іх, але прапановы нават не былі перададзеныя дырэктару гаспадаркі. Усе сем палітвязняў да суда пакрылі шкоду калгасу, 216 рублёў кожны.

На судзе стала вядома, што супрацоўнікі прыехалі затрымліваць іх на полі ў масках і з аўтаматамі.

Падчас суда абвінавачаная Кацярына Арыка распавяла, што да некаторых затрыманых ужываўся гвалт. Яна сказала, што сілавікі намалявалі затрыманым на спінах свастыку і пагражалі расстрэлам.

«Размалявалі рукі, твар. Потым паднялі, павялі на поле, расставілі вакол цюка, узялі тэлефон і здымалі на камеру. Потым назад завялі і паклалі тварам у зямлю», – распавяла Кацярына.

Пасля затрымання паўтара тыдня затрыманых мужчынаў у ІЧУ Дзяржынску трымалі без адзення – «на допыты вадзілі ў майтках». Таксама да прад’яўлення абвінавачання іх утрымлівалі ў камерах з металічнымі нарамі без матрацаў, з пасцельнай бялізны ім далі толькі прасціны. Акрамя гэтага, супрацоўнікі падымалі ўначы іх кожную гадзіну.

Фігуранты распавялі ў судзе, што ідэю арганізаваць «акцыю» прапанаваў невядомы хлопец праз Telegram.

Артыкулы
Ад флэш-мобаў да атак з дронаў. Як беларусы змагаліся з рэжымам Лукашэнкі ў 2021 годзе
2021.12.28 14:46

АД, belsat.eu

Стужка навінаў