Галоўны ідыёлаг Лукашэнкі: «80 адсоткаў упэўненыя, што галасы падлічаны правільна. Што нам тады рабіць з большасцю?»


Вольга Шпілеўская. Скрыншот з інтэрв’ю

Праўладны блогер і вядоўца СТВ Аляксей Голікаў апублікаваў інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Вольгай Шпілеўскай. Увагу на гэтае відэа звярнулі журналісты «Комсомольской правды», якія зрабілі расшыфроўку.

На думку Шпілеўскай, у Беларусі няма апазіцыі, а тыя, хто сябе ёй лічаць, не могуць пахваліцца канструктывізмам.

«Для мяне апазіцыі ў нашай краіне няма. І апазіцыйных сродкаў масавай інфармацыі таксама. Апазіцыя мае быць канструктыўнай. Апазіцыя павінна не руйнаваць дзяржаўнасць і выконваць законы краіны. Людзі, якія прытрымліваюцца іншых поглядаў, маюць права выказаць сваё бачанне той ці іншай праблемы, казаць пра свае погляды, мець сваё меркаванне, указваць на нейкія недахопы, пры гэтым не руйнуючы дзяржаўнасці і выконваючы законы краіны. Тады гэта канструктыўная пазіцыя.

Але гэтыя людзі, якія не нясуць канструктывізму, якія спрадвечна засяроджаныя на тым, как зруйнаваць краіну, у якой жывуць, – для мяне гэта не апазіцыя і патрыёты. Якія гэта патрыёты? Я б хутчэй назвала гэта іншым словам», – сказала Шпілеўская.

Таксама ідыёлаг лічыць, што народ не прымае бел-чырвона-белага сцяга, а шмат людзей, якія пад ім выходзяць, нічога не ведаюць пра гэтыя сімвалы.

– А ці мае гэта значэнне? Факт у тым, што яны выносяць, – заўважае Голікаў.

– Дзеля таго, што ім хочацца нешта вынесці.

– Чаму ж яны тады не выносяць лісце клёну?

– Вось у мяне такое ж пытанне. Выдатна, значыць, на тым баку тыя ідыёлагі, якія там, якім там гэта было патрэбна, зрабілі так, каб гэта стала сімвалам, – лічыць Шпілеўская.

Hавiны
Ужо 50 тысяч чалавек падпісаліся супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім
2021.01.31 12:17

Да таго ж яна прызналася, што ўдзельнічала ў пратэставых акцыях.

«Проста ішла ў натоўп, насустрач яму. Ведаеце, шчыра кажучы, у мяне было адчуванне секты, рэальна.

(…) У натоўпе зразумець, чаго яны жадаюць, было немагчыма. Я спрабавала размаўляць з людзьмі. Калі яны кажуць: «Я хачу свабоды», – пытаю: «Якой свабоды?» Ніхто не можа растлумачыць, якой свабоды.

Гэтыя людзі, якія былі там, у натоўпе, да ідыёлагаў не ходзяць і нават не ведаюць, хто гэта такія. Яны не прыходзілі, ім не трэба было некуды ісці са сваімі праблемамі. А ў многіх, шчыра кажучы, і праблемаў няма. Проста ўсе пайшлі, і я пайшоў. Захацелася мне быць неймаверным – я пайшоў быць неймаверным», – растлумачыла «прычыну» пратэстаў Шпілеўская.

Што датычыць вынікаў леташніх прэзідэнцкіх выбараў, то Шпілеўская адзначае: «Беларускі народ зрабіў свой выбар».

«80 адсоткаў [выбарцаў] упэўненыя, што яны (галасы. – «Белсат») падлічаныя правільна. Што нам тады рабіць з большасцю? Дарэчы, кіраўнік дзяржавы ж распавядаў пра сітуацыю, сам прыводзіў прыклады, калі прапанавалі пералічыць галасы на некаторых участках, але гэта аказалася непатрэбным. Паглядзіце, там, дзе мы спрабуем ісці на дыялог, той бок кажа нам: гэтага не трэба».

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў