Калеснікаву ў рэанімацыі ахоўваюць трое сілавікоў з аўтаматам – радыё «Свабода»


Крыніцы радыё «Свабода» паведамляюць, што адну з лідарак пратэстаў 2020 года, палітзняволеную Марыю Калеснікаву, у рэанімацыі ахоўваюць трое сілавікоў.

Марыя Калеснікава.
Фота: ІА / Belsat.eu

Паводле медыя, Калеснікава дагэтуль застаецца ў рэанімацыі гомельскага шпіталя хуткай медычнай дапамогі, у хірургічную палату яе пакуль не перавялі.

«Яна і цяпер у рэанімацыі хірургічнага аддзялення, у цяжкім стане. У палату яе пакуль не перавялі. Калеснікаву ахоўваюць трое. Двое ўнутры палаты і адзін з аўтаматам звонку, каля дзвярэй», – паведаміла крыніца выдання.

Каманда Віктара Бабарыкі адзначае, што Марыю Калеснікаву прывезлі ў цяжкім стане. Невядома, калі ёй стала дрэнна. Адваката не пускаюць з 17 лістапада. Аперацыя прайшла планава і паспяхова, але палітзняволеная ўсё яшчэ знаходзіцца ў цяжкім стане. Паводле лекараў, яна ў прытомнасці, неабходнае лячэнне і лекі ёй даюць.

Бацька Марыі Аляксандр Калеснікаў знаходзіцца ў больніцы Гомля. Размовы яго з лекарамі адбываюцца ў прысутнасці міліцыянтаў. Дыягназ не гавораць нават бацьку, але, паводле непацверджанай інфармацыі, у палітзняволенай прабадная язва.

Абноўлена
Палітзняволеная Марыя Калеснікава ў рэанімацыі
2022.11.29 19:13

Як стала вядома, брыгада хуткай 28 лістапада даставіла Марыю Калеснікаву з калоніі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Гомлі з хірургічнай паталогіяй. 28 лістапада ёй зрабілі аперацыю. Цяпер яна ў рэанімацыі ў стабільна цяжкім стане з паляпшэннем. 30 лістапада яе мусяць перавесці ў хірургічнае аддзяленне. Адваката тройчы за апошні час не дапусцілі да яе.

Раней паведамлялася, што Калеснікава застаецца ў штрафным ізалятары. Праўда, не было інфармацыі, з якога дня і на які тэрмін яе туды змясцілі. У адміністрацыі калоніі пра шпіталізацыю нічога не сказалі.

Hавiны
«Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці». У ЗША паведамілі, што сочаць за здароўем Калеснікавай
2022.11.30 09:37

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў