Калеснікава і Статкевіч – у ШІЗА, Шумчанка на соднях, кантрактнікам пагражаюць за рэпосты. Хроніка рэпрэсіяў 22 лістапада


Пераследуюць тых хто за кратамі і вызваліўся, даюць содні за рэпосты 8-гадовай даўніны, пагражаюць вайскоўцам-кантрактнікам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, шукаюць нагоды для ліквідацыі палітычных партыяў. «Белсат» працягвае фіксаваць факты рэпрэсіяў і пераследу, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўчыняе да грамадзянаў Беларусі.

Стала вядома, што 21 лістапада затрымалі старшыню зліквідаванага Вярхоўным Судом рэспубліканскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоля Шумчанку. Пасля допыту Шумчанка затрыманы да суда паводле адміністратыўнай справы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» – за рэпост 8-гадовай даўніны інфармацыі выдання, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім». У канцы мінулага тыдня актывіста выклікалі на допыт у Баранавічы ў якасці сведкі. Да гэтага ў пятніцу 18 лістапада ў яго адбыўся ператрус, падчас якога ў прадпрымальніка забралі камп’ютар і тэлефон.

22 лістапада Менскі абласны суд працягнуў разгляд «справы Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі». У справе праходзяць Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл АшуракАгулам пяцёх фігурантаў справы судзяць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за тэрарызм. Падсудным інкрымінуюцца тры эпізоды: спроба падарваць вузел сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вялейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах. Справу разглядае суддзя Сяргей Епіхаў.

Марыя Калеснікава – у ШІЗА. Невядома, калі і на які тэрмін яе туды змясцілі. Адвакат спрабаваў даведацца аб стане Марыі і атрымаць дадзеныя для абскарджання незаконна накладзеных спагнанняў. Супрацоўнікі калоніі не пусцілі яго, бо Марыя нібыта не напісала заяву. Пры гэтым раней заяву яна пісала прама на сустрэчы з адвакатам і ўручала супрацоўніку па заканчэнні. Напярэдадні стала вядома аб накладанні Марыі Калеснікавай 3 спагнанняў.

Палітвязень Мікалай Статкевіч у калоніі захварэў на прастуду. У лісце да жонкі ад 10 лістапада палітвязень напісаў, што яго ў чарговы раз выклікалі на камісію за «парушэнні». Меркавана, яго зноў адправяць у штрафны ізалятар. Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі амаль 2,5 гады. 14 снежня 2021 Мікалаю быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. У канцы чэрвеня быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.

Былога палітвязня і актывіста з Гомля Іллю Міронава арыштавалі на 5 содняў. Яго затрымалі 21 лістапада паводле адміністратыўнай справы проста ў РАУС. Міронава асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) – у яго знайшлі падпіску на рэсурс, занесены ў спіс «экстрэмісцкіх».

Стала вядома, што ў Берасці 16-18 лістапада адбыліся масавыя затрыманні. Затрымлівалі тых, каго раней ужо судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Паводле інфармацыі «Белсату», ў ІЧУ горада цяпер знаходзіцца шмат кіроўцаў-дальнабойнікаў.

Намеснік міністра юстыцыі Алег Кот прапанаваў увесці ў заканадаўства новую падставу для ліквідацыі палітычных партый. На яго думку, партыі варта ліквідоўваць тады, калі іх дзейнасць не адпавядае канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, паведамляе БелТА. Сярод прапауемых падставаў для для ліквідацыі партый таксама ажыццяўленне тэрарыстычнай, экстрэмісцкай і іншай забароненай заканадаўствам дзейнасці, нанясенне шкоды дзяржаўным альбо грамадскім інтарэсам, атрыманне грашовых сродкаў і іншай маёмасці з замежных крыніц.

Міністэрства абароны дапоўніла спіс падставаў, праз якія могуць скасаваць кантракт з вайскоўцам. Сярод іх распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую ​​дзейнасць, а таксама выраб, захоўванне або перавоз з мэтаю распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі; удзел у сходзе, мітынгу, вулічным шэсці, дэманстрацыі, пікетаванні, іншай масавай акцыі, што праводзіцца з парушэннем устаноўленага парадку, або заклікі да арганізацыі або правядзення такіх масавых акцыяў; заклікі да ўдзелу ў страйку або да спынення выканання абавязкаў вайсковай службы без уважлівых прычынаў, стварэнне перашкодаў для выканання абавязкаў вайсковай службы.

 

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў