Украінская выведка лічыць, што цяпер у Беларусі каля 4300 расейскіх вайскоўцаў


Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў у інтэрв’ю «The Drive» , што пакуль расейская вайсковая прысутнасць у Беларусі не зʼяўляцца значнай, але сітуацыя можа вельмі хутка змяніцца.

Адказваючы на пытанне журналістаў пра пагрозу ўдару з боку Беларусі па Заходняй Украіне, Буданаў адзначыў, што перакрыццё шляхоў заходніх паставак – гэта «запаветная мара» Расеі. Але вайсковая прысутнасць Расеі ў Беларусь пакуль не такая высокая – там усяго каля 4300 вайскоўцаў. Да таго ж, яны не маюць цяжкога ўзбраення, а большасць групоўкі – каля 80% – гэта мабілізаваныя.

«Магу сказаць, што на цяперашнім этапе пагрозы ўварвання з Беларусі няма. Але сітуацыя можа змяніцца вельмі хутка, калі Расея страціць Херсон», – адзначыў ён.

Паводле Буданава, расейская групоўка ў Херсоне пасля адступлення можа быць часткова перакінутая на запарожскі кірунак, а часткова – у Беларусь, стварыўшы пагрозу на поўначы. Гэта прымушае Украіну быць асцярожнай.

«Трэба быць гатовым да любых магчымых дзеянняў Расейскай Федэрацыі», – падкрэсліў начальнік ГУР.

Артыкулы
Блеф пад Херсонам, пекла ў Бахмуце і «лінія Вагнэра». Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце
2022.10.28 20:17

Нагадаем, 27 кастрычніка намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу ЗСУ Аляксей Громаў паведаміў, што Украіна была вымушана нарасціць сваю групоўку на паўночным кірунку праз пагрозу ўварвання з боку Беларусі. Паводле яго, «дзейнасць расейскіх і беларускіх узброеных сілаў і сілавых структур указвае на сістэмную падрыхтоўку да эскалацыі», хаця фармаванне наступальнай групоўкі на тэрыторыі Беларусі пакуль не назіраецца.

Hавiны
Генштаб ЗСУ: Беларусь і Расея сістэмна рыхтуюцца да эскалацыі
2022.10.27 15:58

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў