Польшча ў лідарах. Топ-10 краінаў для працоўнай міграцыі беларусаў у 2022 годзе


Польшча пасунула Расею і ўзначаліла спіс краінаў, найчасцей абіраных беларусамі для працоўнай міграцыі ў 2022 годзе. Такое адбылося ўпершыню за дзесяць гадоў. Разам з эксперткай даследчага цэнтру BEROC Анастасіяй Лузгіной разбіраліся, што адбылося.

Польская мяжа. Крыніца: ganc-chas.by

Паводле статыстыкі Дэпартаменту міграцыі і грамадзянства МУС Беларусі, Польшча стала галоўным напрамкам для беларусаў, якія выехалі з краіны на падставе працоўных кантрактаў. Упершыню за дзесяць гадоў гэтая краіна выглядае найбольш прывабна для працаўладкавання, абышоўшы традыцыйнага лідара – Расею.

Куды беларусы едуць на заробкі

Паводле афіцыйных дадзеных, за дзевяць сёлетніх месяцаў на падставе працоўных кантрактаў у Польшчу выехалі 1893 беларускія грамадзяніны. У той жа час на заробкі ў Расею выправіўся 1671 суайчыннік.  У 2021 годзе расейскі працоўны рынак абралі 2063 беларусы, а польскі – толькі 1319. Літва была на трэцім месцы, туды паехалі працаваць 1235 асобы. Як бачым, плынь працоўнай міграцыі на Захад пашыраецца, а на Усход звужаецца.

Ёсць імавернасць, што агульная плынь мігрантаў сёлета прынамсі зраўняецца з паказнікамі 2020 года, а то і перавысіць яе: за 12 месяцаў 2021 года з Беларусі, паводле звестак МУС, паехалі ўладкоўвацца на працу за мяжу 5372 асобы, за дзевяць сёлетніх месяцаў – ужо 4472. Амаль столькі ж было за ўвесь 2020 год – 4723 асобы.

Расце папулярнасць Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, Фінляндыі і Славаччыны.

Чаму працоўная міграцыя з Беларусі расце ў заходнім кірунку

Скарачэнне плыні працоўных мігрантаў на расейскім кірунку звязанае найперш з тым, што Расея распачала сёлета вайну ва Украіне. Працаўніца даследчага цэнтру «BEROC» Анастасія Лузгіна кажа, што гэта перадусім адлюстроўвае настрой беларусаў.

«Калі паглядзець сацыяльныя даследаванні, то беларусы ставяцца да расейскай «вайсковай аперацыі» негатыўна, у асноўным. Вайна падвышае рызыкі. Людзі заўсёды шукаюць нейкія больш бяспечныя месцы для працы і жыцця. Зразумела, што Расея цяпер не ёсць бяспечным месцам. Пагаршаецца і эканамічны стан, што звязана з санкцыямі, растуць рызыкі працы на гэтым рынку працы. Таму мы і бачым такі паварот», – тлумачыць Анастасія Лузгіна.

Яшчэ адзін важны момант наконт працоўнай міграцыі – гэта прафесійная прыналежнасць. Лузгіна адзначае, што сёлета на рэзультаты працоўнай міграцыі, хутчэй за ўсё, уплывае актыўнасць айцішнікаў.

«Мы адначасова з ростам міграцыі бачым, што эканамічны рост IT-сектару ў Беларусі моцна запаволіўся – і яшчэ запаволіцца да канца года. Калі раней гэта быў драйвер для беларускага эканамічнага росту, цяпер такім ён перастае быць. Адбываецца рэлакацыя айцішнікаў і іхных семʼяў. І гэтыя лічбы мы бачым у афіцыйнай працоўнай міграцыі. Людзі зʼязджаюць паводле працоўных кантрактаў, рэлакуюцца IT-кампаніі за мяжу», – канстатуе Лузгіна.

Калі казаць пра выбар працоўнымі мігрантамі Польшчы, тут усё таксама свядома і абгрунтавана. «У Польшчы ёсць спрыяльная віза «Business Harbour», якую айцішнікам даволі проста скарыстаць, асабліва добрым адмыслоўцам. Апроч таго, людзі разумеюць, што культурныя асаблівасці і адрозненні не такія ўжо і вялікія ў Польшчы ў параўнанні з Беларуссю, побытавыя нейкія рэчы, моўныя, лягчэй адаптавацца».

Экспертка падкрэслівае, што Польшча стала прывабнаю для беларусаў не сёлета. Гэта сведчыць статыстыка. Калі на пачатак  2020 года ў Польшчы пражывалі каля 22 тысячаў беларусаў, то на пачатак  2022 года  – каля 60 тысячаў. Розніца паміж гэтымі лічбамі паказвае, колькі зʼехала беларусаў, і многія з іх, за выключэннем дзяцей і некаторых студэнтаў, маюць працу.

Яшчэ адзін важны аспект працоўнай міграцыі з Беларусі на захад – змянілася кваліфікацыя мігрантаў. Лузгіна адзначае, што раней людзі часта ехалі на сезонныя заробкі, пераважна ў Расею. Тады як на Захад едуць людзі з вышэйшым узроўнем адукацыі і кваліфікацыі. «Гэта значыць, што дададзеная вартасць цяперашніх працоўных мігрантаў значна большая, чым раней. І яны даюць для эканомікі значна большы прырост», – адзначыла экспертка. Паводле ейнай інфармацыі, апроч айцішнікаў едуць дактары і іншыя адмыслоўцы высокага ўзроўню.

Афіцыйная статыстыка МУС наконт працоўнай міграцыі ахоплівае далёка не ўсіх мігрантаў з Беларусі. «Самі лічбы працоўнай міграцыі адносна не надта вялікія. Але калі, напрыклад, муж ці жонка зʼязджае з краіны паводле працоўнага кантракту, то другая палова таксама едзе, хоць і не адразу з працоўным кантрактам, забіраюць з сабой дзяцей. Проста гэтая міграцыя не адносіцца да працоўнай». Едуць студэнты, едуць вымушаныя палітычны мігранты. «Наўрад ці сёння палітычныя мігранты будуць выбіраць Расею, хутчэй краіны Заходняй Еўропы – або Грузію ды іншыя краіны, куды віза не патрэбная», – рэзюмуе Лузгіна.

Міграцыйная плынь у Беларусь моцна зніжаецца

Плынь працоўнай міграцыі ў Беларусь усё яшчэ застаецца большай за плынь беларусаў, якія паехалі працаваць за мяжу.  За 9 месяцаў 2022 года ў Беларусь на працу прыехалі 7973 асобы. Відаць, агульныя лічбы ў выніках года будуць меншыя за леташнія – за 2021 год уладкоўвацца на беларускі рынак працы прыехалі 13 015 асобаў.

«Год яшчэ не скончыўся, але наўрад ці за чацвёрты квартал магчыма кампенсаваць гэтае адставанне, – адзначае Анастасія Лузгіна. – Пакуль што плынь працоўных мігрантаў у Беларусь знізілася з асноўных кірункаў».

У тройцы лідараў у пастаўлянні працоўных рэсурсаў па-ранейшаму Расея, Кітай і Украіна. За 9 сёлетніх месяцаў з гэтых краінаў прыехалі 2166, 1647 і 909 асобаў адпаведна. Ёсць імавернасць, што леташнія паказнікі і тут не будуць дасягнутыя. У 2021 годзе з Расеі, Кітаю і Украіны  прыехалі адпаведна 4325, 2532 і 1543 асобы.

Затое сталі болей уладкоўвацца на працу ў Беларусі госці з Туркменістану і Таджыкістану, хоць прырост з гэтых кірункаў не кампенсуе стратаў міграцыйнай плыні з тройкі лідараў.

 «Мабілізацыйныя працэсы і абмежаванні на выезд перашкодзяць і расейскім мігрантам, – прагназуе Анастасія Лузгіна. – З Кітаю едуць працаваць на кітайскія ж абʼекты, накшталт індустрыйнага парку «Вялікі камень». Для кітайцаў мала што змянілася, хаця з лічбаў відаць, што і яны паводзяцца больш асцярожна. Гэта адпавядае і агульнай эканамічнай актыўнасці кітайскага бізнесу ў Беларусі. Яна вельмі асцярожная».

Галоўныя трэнды працоўнай міграцыі сёння не вельмі спрыяльныя для Беларусі: плынь на Захад пашыраецца і напоўненая адмыслоўцамі высокай кваліфікацыі. Тады як плынь працоўных мігрантаў, якія прыязджаюць у Беларусь, памяншаецца вялікім тэмпамі. Пры гэтым растуць плыні працоўнай міграцыі з краінаў Сярэдняй Азіі і Каўказу.

Аб’ектыў
Куды знікае працоўная сіла?
2022.10.04 22:30

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў