У справе аб спілаваным 200-гадовым «дрэве Робін Гуда» з’явіўся другі фігурант


Паліцыя затрымала 60-гадовага мужчыну, якога западозрылі ў датычнасці да спілоўвання ў Англіі белага клёна, што стаўся вядомы дзякуючы фільму пра Робін Гуда. Першы фігурант справы – 16-гадовы падлетак, піша «The Guardian».

Спілаванае «дрэва Робін Гуда». 29 верасня 2023 года. Нортамбэрлэнд, Англія.
Фота: Andrew McCaren / News Licensing / Forum

Інцыдэнт адбыўся ўначы 28 верасня ў графстве Нортамбэрлэнд на поўначы Англіі. Здарэнне назвалі «наўмысным актам вандалізму».

Паліцэйскае расследаванне прывяло да 16-гадовага падлетка. Пасля допыту яго вызвалілі пад заклад. Матывы дзеянняў хлопца не разгалошваюцца.

Пазней паліцыя арыштавала другога падазраванага – 60-гадовага мужчыну. Паведамляецца, што ён «дапамагае афіцэрам у расследаванні». Аднак пра матывы зламыснікаў дагэтуль інфармацыі няма.

Белы клён у нацыянальным парку Нортамбэрлэнд, Англія.
Фота: stencilmyst / Pixabay

Гэты клён рос на тэрыторыі нацыянальнага парка Нортамбэрлэнд. Дрэву было каля 200 гадоў. Жыхары кажуць, што яно было «часткаю калектыўнай душы». Каля клёна пакідалі памятныя каменьчыкі з надпісамі, развейвалі прах памерлых, звалі замуж, ладзілі сямейныя пікнікі.

«Гэтае дрэва суправаджала мяне ўсё маё жыццё. Бачыць яго ссечаным – усё роўна што ў апошні раз развітацца з сябрам», – кажуць тутэйшыя.

Шмат каму клён вядомы з фільму «Робін Гуд – Прынц злодзеяў» 1991 года.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў