Пуцін заявіў, што Расея не будзе ні з кім абмяркоўваць вынікаў «рэферэндумаў»


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас цырымоніі анексіі акупаваных вобласцяў Украіны заявіў, што вынікаў «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны расейскі бок абмяркоўваць не будзе. Пры гэтым Пуцін сказаў, што гатовы да перамоваў з Украінай.

Самаабвешчаныя «ЛНР», «ДНР», а таксама акупаваныя расейскімі войскамі тэрыторыі Херсонскай і Запарожскай вобласцяў Украіны афіцыйна ўключаныя ў склад Расейскай Федэрацыі.

Уладзімір Пуцін.
Фота: Наталья Селиверстова / РИА «Новости»

Падчас цырымоніі анексіі акупаваных вобласцяў Украіны кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін значную частку выступу прысвяціў абвінавачанням на адрас Захаду.

«Пачатак злому заходняй дэспатыі незваротны», – заявіў Пуцін.

Пры гэтым кіраўнік РФ сказаў, што вынікі «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны расейскі бок не мае намеру абмяркоўваць. Расея, паводле Пуціна, мае намер «працаваць над павышэннем бяспекі» на акупаваных землях. Разам з тым кіраўнік Крамля заклікаў Кіеў спыніць агонь і сесці за стол перамоваў.

«Мы да гэтага гатовыя. Пра гэта не раз было сказана», – заявіў Пуцін.

Пры гэтым наўпроставых пагрозаў ядравай зброяй падчас выступу прэзідэнта Расеі не прагучала.

27 верасня ў самаабвешчаных «ЛНР», «ДНР», а таксама на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай вобласцяў завяршыліся незаконныя псеўдарэферэндумы аб далучэнні да Расеі. На падставе гэтай фіктыўнай працэдуры акупацыйныя ўлады захопленых тэрыторыяў звярнуліся да Крамля з просьбаю ўключыць чатыры ўкраінскія вобласці ў склад РФ. 30 верасня гэтыя тэрыторыі былі афіцыйна ўключаныя ў склад РФ.

Hавiны
Пуцін падпісаў указы аб прызнанні незалежнасці Запарожскай і Херсонскай абласцей
2022.09.30 03:01

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў