Польшча – Украіна. Перазагрузка

Я пачала верыць у перазагрузку стасункаў паміж краінамі і народамі. Гавораць, што вайна можа ўсё змяніць. Мне падаецца, што ўсё пачало мяняцца адразу пасля яе пачатку, калі людское мора з Украіны хлынула ў Польшчу. Хто мог уявіць, што палякі так паставяцца да ўцекачоў і так шчыра і самазабыўна будуць ім дапамагаць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя на Замкавай плошчы ў Дзень нацыянальнага свята Украіны. Варшава, Польшча. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Adam Chelstowski / Forum

Рэч нават у не ў тым, што на вуліцах польскіх гарадоў і на балконах дамоў луналі ўкраінскія сцягі. І нават не збор сродкаў і бясплатнае харчаванне на дарогах для ўкраінскіх уцекачоў уражвалі. Больш за ўсё асабіста мяне ўразіла, як самі ўкраінцы імгненна ацанілі гэтую дапамогу.

…24 лютага на чыгуначным вакзале Краматорску, калі ішлі першыя баі і вораг спрабаваў акружыць горад, прагучалі першыя абвесткі пра цягнікі на Лазавое і Днепр. Усе абвесткі рабіліся тады пераважна па-расейску. Людзі ад’язджалі з дзецьмі далей ад месца, дзе бамбяць. Яны ўсё прыходзілі і прыходзілі на вакзал. Ніякай панікі не было. Хутчэй разгубленасць: маўляў, на Данбасе вайна і без таго ўжо восем гадоў ідзе перманентна. Тым часам колькасць людзей на вакзале расла. І раптам прагучала: «На першы пуць прыбывае эвакуацыйны цягнік, на якім можна бесперасадачна рухацца ў Пшэмысль, Рэспубліка Польшча». Прагучала нібы гром з яснага неба. Нейкая жанчына перапытала ў мяне: «Вы чулі? У Польшчу?! Як гэта?»

Тут зноў з дынаміка данеслася гэтая абвестка, толькі ўжо па-ўкраінску і з удакладненнем: «Бясплатна». Тады бамбілі Адэсу, Гастомель, Кіеў… Ужо бамбілі выспу Змяіны з маракамі, якія паслалі расейскі ваенны карабель. Усе разумелі, што ў гэтыя дні вырашаецца тое, як будуць развівацца падзеі, але пры гэтым ніхто не ведаў: ці прыйдзе хоць хтосьці на дапамогу… І тут такое, літаральна праз некалькі гадзінаў пасля пачатку вайны.

Калі я ўжо потым у сакавіку выязджала з польскімі калегамі з Кіева на машыне, то нам трэба было праехаць дзясяткі блокпастоў. Дзеля гэтага трэба было запаволіць рух, адкрыць вокны ў аўтамабілі, паказаць дакументы. Кожны раз і вайскоўцы, і цывільныя з тэрытарыяльнай абароны, як толькі чулі польскую гаворку: «Cześć. Jesteśmy polskimi dziennikarzami. Jedziemy do granicy», яны не тое што дэманстравалі прыязнасць, яны нават спрабавалі адказваць па-польску.

Нам трэба было часта запраўляцца бензінам, на АЗС жудасныя чэргі. Але шторазу нас прапускалі, і мы далей рухаліся на польскую мяжу. Ехалі часам па сустрэчнай, бо былі занятыя ўсе тры паласы, нават адна сустрэчная. Машыны рухаліся вельмі марудна. Людзі нерваваліся. Шмат аўтамабіляў з паперамі на шкле: «Дзеці», а там і сапраўды ў салонах ледзь не дзіцячы садок. За тое, што мы рухаліся ў абыход чаргі па сустрэчцы, нас некалькі разоў спрабавалі «правучыць» як нахабнікаў, перакрывалі дарогу сваімі аўтамабілямі, але як толькі чулі польскую мову, інцыдэнт імгненна быў вычарпаны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пункт пропуску «Мэдыка» на тэрыторыі Польшчы, дзе другія содні тысячы ўцекачоў з Украіны пешшу спрабуюць перайсці мяжу. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Потым ужо ў Польшчы мяне ўразіла, як палякі крута арганізавалі гэтае перасяленне. Не пачула ніводнай скаргі, што хтосьці застаўся без прытулку.

З 12 сакавіка за тыдзень мы з аператарам праехалі некалькі пунктаў уздоўж мяжы, куды прывозілі ўцекачоў. Іх везлі на адмысловым транспарце бясплатна. Нават тых, якія спрабавалі пераходзіць мяжу пешшу, на польскім баку сустракалі валанцёры. Усіх садзілі ў машыны і аўтобусы і везлі туды, дзе іх чакалі ложак, ежа, харчаванне для гадаванцаў – катоў, сабак і нават пацукоў.

Хто быў на ўласнай машыне, адразу атрымліваў памятку пра тое, куды ехаць, бясплатную сім-картку для тэлефона, пакеты з ежаю і спіс пунктаў, куды можна прыехаць, памыцца, атрымаць медычную дапамогу і спакойна пераначаваць у ложку, а нават і пажыць, пакуль не вызначышся, куды ехаць далей. Як гэта ўвогуле магчыма было арганізаваць за такі кароткі тэрмін? Вось тое, што я дакладна ведаю:

  1. Адкрылі некалькі дадатковых памежных пераходаў.
  2. Арганізавалі на базе спарткомплексаў і тэхнікумаў базы адпачынку.
  3. На гэтыя пункты з’ехаліся паліцыянты і спецслужбы з усіх рэгіёнаў Польшчы.
  4. Туды прыбылі медыкі, настаўнікі, перакладчыкі, псіхолагі.
  5. Тамака дзень і ноч дзяжурылі паліцыянты.
  6. Туды ўвесь час падʼязджалі аўтобусы, каб высадзіцць адных уцекачоў і забраць іншых для пераезду ў іншыя гарады.
  7. Туды прывозілі ежу для жывёлінаў, пераноскі, шворкі і нават клеткі для птушак.
  8. У гарадах сотні палякаў пусцілі ў свае дамы ўкраінцаў, кармілі іх і супакойвалі, як маглі.
  9. Усё працавала паводле раскладу, як гадзіннік.
  10. Усе прымежныя гатэлі размяшчалі ў сябе паліцыянтаў, каб тыя маглі паўнавартасна працаваць.
  11. Аптэчныя кіёскі на вакзалах адпускалі ўкраінцам лекі бясплатна.

Гэта яшчэ не ўсё. І хтосьці будзе казаць пра нямецкую пунктуальнасць? Я на ўласныя вочы пабачыла такую дысцыпліну і зладжанасць усіх дзеянняў палякаў, якой не сустракала нідзе і ніколі ў жыцці.

Мне здаецца, што павінен прайсці час, і гэты досвед будуць вывучаць. Вось я дагэтуль не ведаю: хто ж так выразна арганізаваў усю гэтую працу? Разумею, што гэта не адзін чалавек, але перад гэтымі людзьмі трэба здымаць капялюш, публікаваць іхныя імёны, каб усе ведалі, як гэта рыхтавалася і рабілася. Няхай дзеля гэтага спатрэбіцца апублікаваць прыгожымі літарамі яшчэ і імёны ўсіх дэпутатаў.

І ўсё ж я аб перазагрузцы дачыненняў, якая стала відавочнай. Ніхто нікога нічым не папракае. Ніхто нікому нічога не выказвае з гістарычнага мінулага, хоць усе разумеюць, што там ёсць што згадаць. Не. Існуе агульная небяспека. Ёсць агульны вораг, і гэта зрабілася самым галоўным. Усе папрокі адышлі далёка на задні план.

Дарэчы, дзякаваць палякам могуць цяпер не толькі ўкраінцы. Менавіта беларусаў Польшча падтрымала гуманітарнымі візамі адразу пасля пачатку беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў. Менавіта дзякуючы палякам некалькі соцень беларусаў цяпер не ў турмах, а ў бяспецы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэст украінскай грамады супраць расейскай агрэсіі ва Украіне. Аўтар плакату сцвярджае, што Пуцін і Лукашэнка – адна і тая ж пачвара. Кракаў, Польшча. 24 лютага 2022 года.
Фота: Filip Radwanski / Forum

На бытавым узроўні заўсёды могуць знайсціся незадаволеныя людзі, але мне здаецца, што гэта мізэрны адсотак ад агульнай колькасці тых, якія разумеюць сітуацыю і жадаюць захаваць тое, што ўжо існуе. Так, ёсць нават сёння грамадскія дзеячы, якія выказваюцца пра паланафільскія тэндэнцыі ў беларускім і ўкраінскім грамадствах і нагадваюць, што ёсць пытанні, якія мусяць атрымаць гістарычную ацэнку, і нават потым, калі Беларусь зробіцца вольнай дзяржавай, вызначыцца наконт дачыненняў паміж нашымі краінамі. Але такія, хай сабе і паўзакрытыя публікацыі для вузкага кола чытачоў, ніякім чынам не могуць спрыяць нармальнаму развіццю стасункаў паміж народамі, бо гістарычны працэс – гэта тое, што адбываецца ў тым ліку і цяпер.

Менавіта цяпер цэлыя народы пераасэнсоўваюць стаўленне да культуры ўласнай краіны, культуры іншых народаў, якасці жыцця і крытэрыяў адбору на лідараў грамадства і дзяржаваў. На нашых вачах цягам нейкіх сямі месяцаў ужо адбыліся такія падзеі, што прымусілі свет па-іншаму паглядзець на, здавалася б, звычайныя рэчы.

Не проста так тысячы ўкраінцаў прайшлі маршам праз цэнтр Варшавы, каб выказаць удзячнасць палякам. Нават шматлікія вулічныя канцэрты не могуць перадаць той глыбіні пачуццяў, якія перапаўняюць украінцаў.

Вайна адкрыла новыя грані ў свядомасці людзей. Вельмі хочацца спадзявацца, што калі ўсё скончыцца, пачнецца новая эра стасункаў. Гэта відавочна ўжо цяпер. Падобна, што спрэчныя моманты гісторыі будуць абмяркоўваць толькі гісторыкі за круглымі сталамі. Бо мы цяпер на ўласным досведзе пераконваемся ў тым, да якой жа ступені крохкі гэты свет.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў