Не прыходзяць у ваенкамат, ломяць рукі, уцякаюць у лес – як расейцы хаваюцца ад мабілізацыі


21 верасня вайна пагрукалася ў дзверы кожнага расяяніна: абʼявілі частковую мабілізацыю. Афіцыйна кіраўніцтва РФ заявіла, што будуць мабілізаваць грамадзянаў з запасу, пераважна з баявым досведам. Праўда, «частковая» мабілізацыя толькі фармальна – медыі паведамляюць, што хапаюць усіх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum

У розных пабліках у сацсетках і «Тэлеграме» актыўна абмяркоўваецца, куды бегчы і што рабіць расейцам, каб не трапіць на фронт. Распавядаем пра самыя папулярныя спосабы.

Выехаць у іншыя краіны

Пры мабілізацыі, як і пры звычайным прызыве, ёсць замацаваная законам працэдура ўручэння позвы. Уручанай позва будзе лічыцца, калі супрацоўнік ваенкамату выдаў яе асабіста па месцы жыхарства, месцы працы ці месцы вучобы. Ва ўсіх астатніх выпадках – напрыклад, калі позву паклалі ў паштовую скрыню, пакінулі пад дзвярыма – ніякіх абавязкаў яна не накладвае. Тэхнічна яўка ў ваенкамат пры ўручэнні позвы абавязковая, але пакаранне за няяўку – толькі штраф ад 500 да 3000 рублёў.

Самы надзейны і бяспечны спосаб не атрымаць позвы – выехаць з Расеі, пакуль гэта магчыма. Расяяне пераважна бягуць у Грузію і Казахстан, бо з гэтымі краінамі РФ мае сухапутную мяжу. Паведамляецца, што пасля 21 верасня ў Казахстан заехалі ўжо каля 100 тысяч расяянаў, у Грузію – больш за 60 тысячаў. На мяжы з Грузіяй утварыліся вялізныя чэргі. У сацсетках пішуць, што Грузія пускае расейцаў пасля падпісання паперы, што «РФ – краіна агрэсар» і што чалавек асуджае ўсе ваенныя дзеянні Расеі. Праўда, цяпер на мяжы з гэтай краінай разгорнуты мабільны ваенкамат, і позву можна атрымаць проста на пашпартным кантролі.

Некаторыя расяяне разглядаюць як прамежкавы варыянт Беларусь: выехаць туды, пераседзець і разважыць, што рабіць далей. Але ў сацсетках шмат хто адгаворвае ад такога варыянту, бо «рэжым Лукашэнкі дружалюбны Пуціну», і тых, хто хаваецца, могуць вярнуць у РФ.

Білеты на самалёт з Масквы ў розных кірунках раскупілі за лічаныя гадзіны пасля аб’яўлення мабілізацыі. Актыўна купляюць квіткі, каб вылецець з Менску, – на самых папулярных напрамках няма білетаў на месяц наперад. Багацейшыя знайшлі выйсце: практыкуюць прыватныя пералёты, за якія плацяць дзясяткі тысяч долараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пераехаць у іншы горад, схавацца на лецішчы ці ў лесе

У каго няма магчымасці выехаць у іншую краіну, разглядаюць варыянт не адчыняць дзверы нікому, не рэагаваць на званкі і не выходзіць на вуліцу. Але больш надзейны спосаб – не жыць па месцы прапіскі.

Расейскі закон абавязвае мужчыну стаяць на вайсковым уліку па месцы рэгістрацыі, жыхарства ці перабывання. Калі не выконваць гэтага абавязку, можна атрымаць штраф ад 500 да 3000 рублёў. Але гэта лепш, чым ехаць забіваць і патэнцыйна быць забітым.

Чалавек можа пазбегчы адказнасці, зʼехаўшы ў лес ці горы. Толькі трэба не пакідаць лічбавых слядоў (не паведамляць у сацсетках, дзе ты, ніякіх сторыз з геалакацыяй), адмовіцца ад сувязі з вонкавым светам, не працаваць, не карыстацца меддапамогай, не плаціць падаткаў, не мець рахункаў у банках, нічога не купляць і не ствараць сацыяльных сувязяў. У іншым выпадку гэта лічыцца ўхіленнем, і чалавека будзе шукаць паліцыя – але, верагодна, зрабіць ёй гэта будзе складана. Ды і ў паліцыянтаў няма паўнамоцтваў дастаўляць грамадзянаў у ваенкаматы. Яны могуць даставіць чалавека ў аддзел, скласці пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні і ўручыць накіраванне для пастаноўкі на вайсковы ўлік па месцы жыхарства або месцы перабывання.

Зламаць руку, нагу

У першыя ж гадзіны пасля абвяшчэння мабілізацыі ў трэндах пошуку ў інтэрнэце вырваліся запыты «як зламаць сабе руку». Сапраўды, людзі, каб пазбегчы мабілізацыі, наносяць сабе фізічныя пашкоджанні, шукаюць праблемы са здароўем і нават кладуцца на аперацыі.

Ці дапаможа зламаная рука? Паглядзім расейскі закон. Наўмыснае нанясенне сабе траўмаў для пазбягання вайсковай службы можа пагражаць штрафам, прымусовымі працамі або пазбаўленнем волі на тэрмін да 2 гадоў паводле артыкулу аб ухіленні ад праходжання вайсковай службы (арт. 328 КК РФ). Калі атрымаецца даказаць, што траўма была атрыманая ненаўмысна, то адтэрмінаванне будзе дзейнічаць, пакуль рука не зрасцецца. Як толькі закончыцца перыяд рэабілітацыі, чалавека змогуць прызваць.

Аднак гэтыя нормы распаўсюджваюцца на звычайны вайсковы прызыў, а не на мабілізацыю. КК РФ на дадзены момант не рэгулюе мабілізацыі – папраўкі, якія ўводзяць паняцце «мабілізацыя» у Крымінальны кодэкс, Федэральны сход РФ прыняў гэтымі днямі.

Ёсць таксама артыкул аб ухіленні ад выканання абавязкаў вайсковай службы шляхам сімуляцыі хваробы або прычынення сабе якога-небудзь пашкоджання (арт. 339 КК РФ) – ён стасуецца да тых, хто ўжо праходзіць вайсковую службу, і можа пагражаць утрыманнем у дысцыплінарнай войсковай частцы на тэрмін да года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

Нядаўна зробленая хірургічная аперацыя можа даць адтэрмінаванне на паўгода. Але лепей усе медычныя даведкі аб стане здароўя і аперацыях перадаваць у ваенкамат не асабіста, а праз давераную асобу ці поштаю.

Альтэрнатыўная служба

У звычайны час любы грамадзянін РФ мае права на праходжанне альтэрнатыўнай грамадзянскай службы – яно замацаванае ў 59-м артыкуле Канстытуцыі. Праходзіць альтэрнатыўную службу можна, калі перакананні ці веравызнанне чалавека супярэчыць нясенню вайсковай службы. Дзейны федэральны закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе распаўсюджваецца толькі на выклік на тэрміновую службу. Нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць АГС у перыяд мабілізацыі, у Расеі няма.

Тым не менш, расейцы, перакананням якіх супярэчыць вайсковая служба, маюць права падаць заяву на альтэрнатыўную службу і ў выпадку адмовы абскардзіць яе ў судзе. Прызыўнікам варта падаць такую заяву да 30 верасня, гэта значыць да пачатку восеньскага прызыву.

Ці можа дапамагчы адмова ад грамадзянства РФ?

Каб не служыць у войску, можна адмовіцца ад расейскага грамадзянства, аднак гэты спосаб досыць праблематычны. Каб адмовіцца ад грамадзянства РФ, неабходна падаць заяву, якую разглядаюць расейскія ўлады (фармальна рашэнне па кожнай заяве прымае прэзідэнт, але па факце разглядам заявак займаецца спецыяльная камісія ці дыпламатычныя консульствы). Яны могуць адмовіць, калі ў чалавека засталіся нявыкананыя абавязкі перад дзяржавай. Да такіх абавязкаў адносіцца ў тым ліку служба ў войску. А тэрмін разгляду заявы можа цягнуцца гады.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў