«Каб аблавы былі на расейцаў – такога пакуль няма». Што робіцца на мяжы Беларусі і Расеі падчас мабілізацыі


Колькі грамадзян Расеі заехала ў Беларусь з моманту абвяшчэння Пуціным частковай мабілізацыі, невядома. Але паток ахвотных «схавацца ад прызыву» ў нашай краіне не змяншаецца. Што адбываецца на беларуска-расейскай мяжы? Звесткі супярэчлівыя, і людзі кажуць рознае. Дзеіць пашпартны кантроль, але «па лясных сцежках» прайсці можна…

Шыльда на мяжы Расеі і Беларусі.
Фота: commons.wikimedia.org

29 верасня расейскія кіроўцы паведамлялі пра тое, што на пункце пропуску Рудня з’явіліся блок-пасты, на якіх расейскія вайскоўцы спраўджвалі ва ўсіх мужчын пашпарты і прасілі прайсці рэгістрацыю. Калі прозвішча чалавека знаходзілася ў базе, якая фармуецца расейскімі ваенкаматамі, яго разварочвалі назад і ў Беларусь не прапускалі. Пра пашпартны кантроль паведамлялі і з іншых памежных пунктаў.

«Развярнулі на АПП «Горкі». Забарона на выезд з РФ ад ваенкамату», – паведамляў уначы з 29 на 30 верасня адзін з карыстальнікаў тэлеграм-чату «Граница РФ РБ сегодня».

Скрын: Граница РФ РБ сегодня / Telegram

Удзень 30 верасня расейцы без усякага чакання ў чарзе праязджалі ў Беларусь праз пункт «Красная горка». Але пашпарты правяралі і там.

«Позву не атрымаў? Калі ласка, пераходзь»

Расейскі кіроўца мікрааўтобусу, які аказвае платную дапамогу па перасячэнні мяжы з Беларуссю, расказаў «Белсату», што ніякіх блок-пастоў з вайскоўцамі ўчора наагул не бачыў, чэргаў таксама не было. Пашпарты правяралі памежнікі. Але праз які памежны пункт ён ездзіць, казаць адмовіўся.

«Вярталі назад толькі тых, хто ў спісах», – сказаў кіроўца.

Беларуска, якая жыве літаральна ў 300 метрах ад аднаго з памежных пераходаў, кажа, што ў іх «на мяжы ўсё пакуль ціха».

«У нас межы адкрытыя – вельмі шмат людзей ходзіць, вельмі шмат пераязджае. Абстаноўка ў Расеі цяжкая стала, вось яны і пераязджаюць. А на пункце стаяць звычайныя хлопцы, не, не вайскоўцы, і правяраюць пашпарты. Калі позву не атрымаў – калі ласка, пераходзь, ніхто нічога не забараняе», – распавяла жанчына.

Яна кажа, што перайсці мяжу без асаблівых праблемаў можна і «з кепскімі дакументамі» – па лесе. Але нелегалаў у сваёй вёсцы яна пакуль не бачыла. Па назіраннях жанчыны, едуць у асноўным расейцы, якія маюць уласныя дамы на тэрыторыі Беларусі – «вяртаюцца ў свае лецішчы».

Скрын: Граница РФ РБ сегодня / Telegram

«Але каб аблавы якія ці каб каго білі каго на пункце пропуску, тут такога няма пакуль. Нікога з расейцаў не затрымліваюць. Калі ў цябе лецішча ці сваякі – зусім без праблем», – падсумавала беларуска.

«Зусім не падобныя на дэзерціраў»

Адна з працаўніц беларускай кавярні недалёка ад беларуска-расейскай мяжы таксама запэўніла журналіста «Белсату», што «ўсё спакойна».

«Едуць, едуць людзі. Але нічога такога ніхто не кажа – усё нармальна. Звычайныя людзі, не падобныя на нейкіх дэзерціраў, сямейныя ў асноўным», – расказала жанчына.

У тэлеграм-чатах, прысвечаных бяспечнаму перасячэнню расейска-беларускай мяжы, грамадзяне РФ спраўджваюць сітуацыю на памежных пунктах, цікавяцца пра наяўнасць квіткоў на авіярэйсы з Менску ў Ерэван, Астану ці Тбілісі ды актыўна шукаюць арэнднае жыллё ў Менску – пэўна, для большасці з іх Беларусь станецца проста перавалачным пунктам.

Скрын: Граница РФ РБ сегодня / Telegram

Беларусы, якія таксама пішуць у такіх чатах, падзяляюцца на тры катэгорыі. Ёсць тыя, хто раіць расейскім уцекачам вывесці з ілбоў татуіроўкі з літарай «Z» (такіх аператыўна «баняць»), тыя, хто прасоўвае свае паслугі (рыэлтары, таксісты) і тыя, хто хоча дапамагчы расейцам з гуманітарных прычын.

Скрын: Граница РФ РБ сегодня / Telegram

«Дапамога людзям, якія не жадаюць удзельнічаць у вайне, – гэта дрэнна?» – абураецца на заўвагу суайчынніка беларускамоўная карыстальніца аднаго з чатаў Алена.

У перапісцы з аўтарам гэтых радкоў Алена патлумачыла, што яе блізкі знаёмы прыехаў у Беларусь на другі дзень пасля абвяшчэння мабілізацыі ў РФ, атрымліваючы інфармацыйную падтрымку і дапамогу з падобнага чату. Таму Алена сама вырашыла час ад часу адказваць на пытанні расейцаў пра беларускія банкі, карткі ды курсы валют.

Не называць Беларусь «Белоруссией»

У Віцебску людзі прывыклі да прысутнасці ў горадзе расейскіх турыстаў. Жыхарка Віцебску, якая папрасіла не называць яе імя, расказала, што аўтамабіляў з расейскімі нумарамі ў горадзе калі і паболела, то некрытычна («У вочы не кідаецца»).

Вуліца Леніна, Віцебск.
Фота: Белсат

«У кожным разе такога, як у Грузіі, у нас не будзе. Я думаю, што сюды едуць тыя, хто разлічвае на свае сілы. Хто думае, што іх прыкрыюць сваякі і ў каго ёсць нейкія грошы. А дапамагаць ім… А як ім дапамагаць? Ніхто ж каля крамы галодны не стаіць пакуль з працягнутай рукой», – дзеліцца жанчына.

«Тут, хутчэй, трэба запытацца, ці не будуць іх «здаваць» міліцыі, бо ёсць у горадзе і такія настроі», – дадала віцяблянка.

Скрын: Граница РФ РБ сегодня / Telegram

Расейцам, якія перасякаюць мяжу з Беларуссю, раяць:

  • Заязджаць у краіну з боку Пскова па платнай дарозе (але пашпартны кантроль будзе і там).
  • Не забывацца на «зялёную карту», бо штрафы за адсутнасць страхоўкі даволі высокія.
  • Здымаць жыллё не ў Менску, а ў гарадах-спадарожніках.
  • Афармляць сім-карты ў Беларусі па пашпартах жонак і сясцёр (жанчын).
  • Не адчайвацца: калі не прапусцілі на адным пераходзе – ехаць на іншы. Ці – адкрыць гугл-мапу і знайсці прасёлачную дарогу.
  • Не называць Беларусь «Белоруссией» і паважаць мясцовае насельніцтва, якое ў пераважнай сваёй большасці не падтрымліваюць дзеянняў Расеі супраць Украіны.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ніяк не асвятляе і не каментуе сітуацыю на мяжы з Расейскай Федэрацыяй. Канцэнтруе найперш пільную ўвагу на заходніх межах. Ніякай статыстыкі наконт колькасці грамадзян Расеі, якія прыехалі ў нашую краіну цягам апошняга тыдня, не публікавалася.

Агляд
Не прыходзяць у ваенкамат, ломяць рукі, уцякаюць у лес – як расейцы хаваюцца ад мабілізацыі
2022.09.30 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў